Мінск 05:46

“Апусціліся ніжэй за калена” — Лукашэнка груба выказаўся пра ўнутраную палітыку і эканоміку Германіі

8 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка, які пастаянна абвінавачвае Захад ва ўмяшанні, у грубай форме выказаўся пра ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Германіі і яе эканоміку.

“Сёння Германія пачала хістацца. Выкінуць гэтага Шольца (канцлер Германіі Олаф Шольц. — “Позірк”.) з пасады, і Германія абразуміцца”, — заявіў Лукашэнка ў інтэрв’ю прапагандысцкаму тэлеканалу “Першы нацыянальны” 7 лістапада.

“Танны газ, танныя энергарэсурсы, вядучая эканоміка свету, цуд сусветнае— сёння дзе яны? Апусціліся ніжэй за калена”, — працягнуў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, немцы “не дурні, яны прымусяць урад працаваць так, як трэба”.

6 лістапада Шольц (прадстаўляе Сацыял-дэмакратычную партыю) звольніў міністра фінансаў Крысціяна Лінднера (Свабодная дэмакратычная партыя), пасля чаго свабодныя дэмакраты выйшлі з кааліцыйнага пагаднення з СДП і “зялёнымі”. Апазіцыя ў асобе Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (яе лідар у 2000—2018 гадах Ангела Меркель займала пасаду канцлера ў 2005—2021 гадах) запатрабавала новых парламенцкіх выбараў. Паводле звестак мясцовых СМІ, у сярэдзіне студзеня Шольц можа паставіць пытанне аб даверы кабінету.

Шольц нязменна заяўляе аб падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл, сустракаўся з іх лідарам Святланай Ціханоўскай.

Падзяліцца: