Мінск 20:33

“Мінсктранс” арганізуе аўтобусныя рэйсы Мінск — Мюнхен

Фота: "Мінск-Навіны"

13 лістапада, Позірк. Аб арганізацыі аўтобусных рэйсаў па маршруце Мінск — Мюнхен (ФРГ), паведамляе дзяржаўнае прадпрыемства “Мінсктранс”.

Анансуецца, што перавозка пасажыраў па гэтым маршруце пачнецца 6 снежня.

Рэйсы будуць ажыццяўляцца адзін раз на тыдзень: выезд з Мінска-па пятніцах у 12:00, з Мюнхена ў зваротным кірунку — у 13:00 (па якім часе, не пазначана).

Пунктам адпраўлення з Мінска заяўлены аўтавакзал “Цэнтральны”. Адлегласць паміж гарадамі складае каля 1,6 тыс. кіламетраў. Аўтобус будзе ісці праз Берлін і Нюрнберг.

Пасажырскія зносіны паміж Беларуссю і краінамі Еўрасаюза абцяжараныя з-за заходніх санкцый, уведзеных супраць Мінска. Адсутнічае магчымасць перамяшчэння па паветры і чыгунцы.

З-за чэргаў на мяжы аўтобусы міжнародных зносін рэгулярна збіваюцца з графіка.

З 5 жніўня “Мінсктранс” паведамляе пасажырам аб руху па міжнародных маршрутах праз спецыяльны тэлеграм-канал.

Краіны ЕС закрылі частку аўтамабільных пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю з-за абвастрэння адносін з Мінскам пасля падзей 2020 года.

Закрыццё сумежных пунктаў пропуску з беларускім бокам звязана сярод іншага з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі і краін ЕС, які працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: