Мінск 09:52

Лукашэнка аб прэзідэнцтве: У Беларусі не дай бог жанчыну абяруць

Фота: "Пул Первого"

14 лістапада, Позірк. У Беларусі “не дай бог жанчыну абяруць” прэзідэнтам, заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада дзяржСМІ пры наведванні абноўленага стадыёна “Трактар” у Мінску.

“У прэзідэнта ЗША не тыя паўнамоцтвы, а тут трэба ўнікаць ва ўсё, — сказаў ён. — У Беларусі прэзідэнт — галоўнакамандуючы. І потым, гэта найцяжкая праца. Ня трэба так грузіць жанчыну, гэта не цырыманіяльная пасада. Можа, з цягам часу мы падыдзем да такога стылю. Але пакуль ён іншы. Я схіляюся перад жанчынамі, ніколькі не прыніжаю іх ролю. Але яны мусяць быць побач”.

У інтэрв’ю прапагандысцкаму тэлеканалу “Першы інфармацыйны” Лукашэнка заявіў 7 лістапада, што Амерыка яшчэ не гатова абраць жанчыну ў прэзідэнты, а былога кандыдата ў прэзідэнты ЗША Камалу Харыс назваў “гераічнай жанчынай”.

Лукашэнка тыражуе думку аб непасільнасць ролі прэзідэнта жанчыне з мінулай кампаніі выбараў прэзідэнта. У чэрвені 2020 года ён сказаў, што жанчына не можа ўзначаліць краіну з-за вялікай нагрузкі, якая кладзецца на плечы кіраўніка краіны: “У нас канстытуцыя такая, што нават мужыку цяжка несці гэтую ношу. А калі яе загрузіць на жанчыну, яна абрынецца, небарака. Гэта я меў на ўвазе, а не таму, што я не паважаю жанчын”.

Таксама Лукашэнка не раз заяўляў, што нібыта “з жанчынамі не ваюе”. Гэтая тэза двойчы прагучала, напрыклад, на сустрэчы з актывам мясцовай вертыкалі 30 ліпеня 2021 года.

У ліпені 2021 года Лукашэнка назваў свайго суперніка на выбарах 2020-га Святлану Ціханоўскую “дурніцай” і “мярзотнікам”.

У электаральнай кампаніі прымае ўдзел адна жанчына — былы сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая.

Былая прэс-сакратар МУС, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава прыняла рашэнне спыніць удзел у кампаніі.

12 лістапада аб аналагічным рашэнні заявіў старшыня Рэспубліканскай рады грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Сяргей Бобрыкаў.

Пасля самаадводу Бобрыкава і Чамаданавай за вылучэнне кандыдатамі подпісы збіраюць пяць прэтэндэнтаў: Лукашэнка, Алег Гайдукевіч, Аляксандр Хіжняк, Ганна Канапацкая і Сяргей Сыранкоў. Адкрыта падтрымліваюць Лукашэнку ўсё, акрамя Канапацкай.

Падзяліцца: