Мінск 22:41

Аўтобус Гомель — Уроцлаў з’ехаў у кювет і перакуліўся на бок на дарозе ў Польшчы

Фота: Osp KSRG Łyszkowice

14 лістапада, Позірк. Аўтобус Гомель — Уроцлаў трапіў у ДТЗ на 382-м км дарогі А2 у Польшчы ноччу 14 лістапада, паведамілі экстранныя службы гміны Лышкавіцы (Лодзінскае ваяводства).

Аўтобус, рухаючыся ў напрамку Познані, выехаў на аварыйную паласу, прабіў бар’еры і перакуліўся на бок.

Паведамляецца, што ўсяго ў аўтобусе ехала 11 чалавек, усе яны замежнікі адносна Польшчы.

На месцы здарэння працавала шэсць пажарных падраздзяленняў, медыка-выратавальныя каманды і паліцыя.

Паводле інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі, прадстаўленай дзяржСМІ, у выніку ДТЗ пацярпела шэсць грамадзян Беларусі, яны дастаўленыя ў медыцынскія ўстановы.

Паведамляецца таксама, што амбасада Беларусі “знаходзіцца на сувязі з кампетэнтнымі структурамі, гатова аказаць неабходнае консульска-прававое садзейнічанне”.

Мяркуючы па фота польскіх службаў, у ДТЗ трапіў аўтобус “Ticket-bus” гомельскай фірмы ПГУП “Траса Е95”. Аб магчымых прычынах інцыдэнту не паведамляецца.

24 красавіка ў раёне горада Седльцэ (Мазавецкае ваяводства Польшчы) аўтобус Гданьск — Мінск вылецеў з дарогі ў кювет, дзе перакуліўся на бок і стукнуўся ў дрэва лабавым шклом. У аўтобусе знаходзілася 15 чалавек, сямёра з іх атрымалі траўмы.

Падзяліцца: