Мінск 00:08

ДПК: Выезду ў ЕС з Беларусі чакае больш за 1,2 тыс. фур

14 лістапада, Позірк. На 10.00 14 лістапада выезду ў бок Польшчы праз пункт пропуску Цярэспаль (з беларускага боку — Брэст) чакала 425 легкавых аўтамабіляў, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

На іншых памежных пунктах Беларусі з краінамі ЕС чаргі з аўтамабіляў няма. Таксама ў чарзе няма ніводнага аўтобуса.

Уезду ў Еўрасаюз чакае 1,2 тыс. фур, больш за ўсё — праз латвійскі пагранпераход Патэрніекі (Грыгараўшчына), дзе сабралася больш за 520 грузавікоў. Перад пунктамі пропуску Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) на ўезд у Літву знаходзіцца 140 і 200 грузавікоў адпаведна. Больш за 360 велікагрузаў фіксуецца перад польскім пагранпераходам Кукурыкі (Казловічы).

У ДПК сцвярджаюць, што супрацоўнікі Мядзінінкай і Шальчынінкай за 24 гадзіны аформілі 31% грузавога транспарту, Кукурыкі — 49% вялікагрузаў ад нормы, Цярэспаля — 55% легкавых аўто ад нормы.

Яшчэ на пачатку тыдня чэргаў з легкавых аўто на граніцы Беларусі з ЕС не было. 11 лістапада выезду ў бок Польшчы праз пункт пропуску Цярэспаль (Брэст) чакалі ўсяго два легкавыя аўтамабілі, на іншых пагранічных пунктах Беларусі з краінамі ЕС чаргі з аўтамабіляў зафіксавана не было.

Перад мінулымі выходнымі колькасць легкавых аўто перад польскім пунктам пропуску Цярэспаль (Брэст) павялічвалася амаль у два разы — па стане на 10:00 6 лістапада ў чарзе знаходзілася 1.335 аўтамабіляў і 40 аўтобусаў.

Краіны ЕС закрылі частку пунктаў пропуску на граніцы з Беларуссю з-за абвастрэння адносін з Мінскам пасля падзей 2020 года.

Закрыццё сумежных пунктаў пропуску з беларускім бокам звязана сярод іншага з міграцыйным крызісам на граніцы Беларусі і краін ЕС, які прадаўжаецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца). Улады Польшчы наўпрост заяўлялі, што менавіта з вызваленнем палітвязня можа быць звязанае адкрыццё пунктаў пропуску.

Падзяліцца: