Мінск 00:07

Трэці месяц запар у Беларусі запавольваецца рост сельгасвытворчасці — Белстат

14 лістапада, Позірк. Вытворчасць прадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый (сельгасарганізацый, фермерскіх, насельніцтва) у студзені — кастрычніку 2024 года ў бягучых цэнах склала 32,1 млрд рублёў — у супастаўных цэнах на 3,2% больш, чым за аналагічны перыяд 2023-га, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

У студзені быў зафіксаваны рост на 4,3%, студзені — лютым — на 6,9%, студзені — сакавіку — на 6,8%, студзені — красавіку — на 6,9%, студзені — траўні — на 8,1%, студзені — чэрвені — на 10,2%, студзені — ліпені — на 18,1%, студзені — жніўні — на 7,1%, студзені — верасні — на 5,1%.

У гаспадарках усіх катэгорый за гэты перыяд выраблена жывёлы і птушкі (у жывой вазе) 1 млн 527,3 тыс. т (+3,1%), малака — 7 млн 344,5 тыс. т (+5,3%), яек — 3 млрд 124,4 млн шт. (+10,1%).

Паводле звестак Еўразійскай эканамічнай камісіі, вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў ЕАЭС за дзевяць месяцаў павялічылася на 0,2% (да аналагічнага перыяду 2023-га): у Казахстане — на 11,4%, Кыргызстане — на 6,7%, Беларусі — на 5,1%, Арменіі — на 2%; У Расіі адзначаны спад на 2,3%.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам, Беларусь лідзіравала ў ЕАЭС па гэтым паказчыку ў студзені (+4,3%), студзені — лютым (+6,9%), студзені — сакавіку (+6,8%), студзені — красавіку (+6,9%), студзені — траўні (+8,1%), студзені — чэрвені (+10,2%), студзені — ліпені (+18,1%). У студзені — жніўні была на другім месцы (+7,2% ).

Пазыковая нагрузка арганізацый сельскай, лясной і рыбнай гаспадарак на 1 кастрычніка 2024 года склала 4 млрд 94,1 млн (+17,4% у гадавым вымярэнні; +12,5% з пачатку 2024 года), пратэрмінаваная — 57,4 млн (рост у 2,3 разы; у 6 разоў).

Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў галіны ў верасні склала 1.931,9 рубля — на 16,5% менш, чым сярэдняя па краіне (2.313,9).

У 2023 годзе, паводле даных Белстата, сельгасвытворчасць у бягучых цэнах склала 33,1 млрд рублёў, што ў супастаўных цэнах на 1,1% больш, чым за 2022-ы.

Найбольшую ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі займалі Мінская (26,6%) і Брэсцкая (22,5%) вобласці, далей ідуць Гродзенская (17,3%), Гомельская (12,2%), Віцебская (10,8%) і Магілёўская (10,5%).

Падзяліцца: