Мінск 00:07

Плодаагароднінная прадукцыя ў кастрычніку падаражэла на 11% — Нацбанк

Фота: myfin.by

14 лістапада, Позірк. Цэны на плодаагароднінную прадукцыю (сезонныя тавары) у кастрычніку выраслі на 11% (у верасні — 14,9%, жніўні — на 18,9%), вынікае з апублікаванага Нацыянальным банкам агляду інфляцыйных працэсаў.

Базавая інфляцыя (не ўлічвае сезонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта змяняюцца ў цане ў кароткатэрміновай перспектыве або рэгулююцца дзяржавай) склала 5,3% (5,1%, 4,8%).

Рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы выраслі на 5,9% (6,6%, 7,4%).

Агрэгаваных паказчык трэндавай інфляцыі (індыкатар інфляцыі, пазбаўлены ад уплыву рознага роду шокаў) склаў 5,3% (5,3%, 5,4%).

Паводле звестак Белстата, спажывецкія цэны ў кастрычніку 2024 года выраслі на 0,5%, з пачатку года — на 4,3%, за 12 месяцаў (кастрычнік да кастрычніка) — на 5,9%.

28 сакавіка на нарадзе аб працы банкаўскай сістэмы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўрад “зрабіў пэўныя захады, каб узяць пад кантроль сістэму цэнаўтварэння” і сёння “ў нейкай ступені” стрымліваць рост цэн атрымліваецца. Паводле яго слоў, ад практыкі дзяржрэгулявання цэн у Беларусі “не адступяць”.

“Сістэма кантролю за цэнаўтварэннем, за гэтым усім комплексам будзе толькі ўзмацняцца. Такая задача пастаўленая перад урадам. Я прашу мець гэта на ўвазе і Нацыянальнаму банку, і рабіць усё неабходнае, каб людзі менш на нас крыўдзіліся ў сувязі з ростам цэн, інфляцыяй у краіне”, — сказаў Лукашэнка.

На думку даследчага цэнтра BEROC, пры захаванні татальнага цэнавага кантролю спажывецкія цэны вырастуць на 5–7% па выніках 2024 года. Назапашаны інфляцыйны навес будзе паступова прасочвацца ў фактычныя цэны, і ў 2025 годзе інфляцыя можа паскорыцца да 6–9%.

Згодна з найважнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, інфляцыя не павінна перавысіць 6%.

Міжнародны валютны фонд прагназуе, што рост цэн па выніках года складзе 6%, Еўразійскі банк развіцця — 8%, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — 5,8%.

У 2023 годзе цэны выраслі на 5,8%.

Падзяліцца: