Мінск 04:31

Згодна са звесткамі Кіева, 12 украінцаў затрымана ў Беларусі паводле “экстрэмісцкіх” артыкулаў — СМІ

Крыніца: pixabay.com

16 лістапада, Позірк. Паводле “экстрэмісцкіх” артыкулаў у Беларусі затрымана 12 украінскіх грамадзян, заявіў “Медыязоне” амбасадар па асоблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім 16 лістапада на ІІІ Форуме Астрожскіх у Кіеве.

Згодна з інфармацыяй дыпламата, з некаторымі з іх ужо сустракаўся ўкраінскі консул. Калі менавіта яны былі затрыманыя, не ўдакладняецца.

Кізім заявіў, што Мінск зазвычай не паведамляе Кіеву пра затрыманне ўкраінскіх грамадзян. “Яны могуць трапіць у спісы нашай амбасады толькі ў тым выпадку, калі захочуць самі, ці сваякі паведамяць. Часам мы бярэм інфармацыю ў праваабарончых арганізацый”, — сказаў спецамбасадар.

Акрамя таго, паводле яго слоў, часта ўкраінцы, якія даўно жывуць у Беларусі, маюць там сем’і, у выпадку затрымання самі не жадаюць звяртацца да ўкраінскіх уладаў па дапамогу, у тым ліку з меркаванняў бяспекі родных.

28 чэрвеня стала вядома, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі адпусціў і перадаў Кіеву пецярых украінцаў — фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў, у прыватнасці Мікалая Швеца (ужо пасля вызвалення быў завочна асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 295, 289, 309 і 3581 Крымінальнага кодэкса), Паўла Купрыенку (7 гадоў, арт. 3581) і Людмілу Ганчарэнка (3 гады, арт. 3581), Наталлю Захаранка (9 гадоў, арт. 358), Кацярыну Бруханаву (2,5 года, арт. 3614).

Даведка “Позірку”:

  • арт. 289 — акт тэрарызму;
  • арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
  • арт. 309 — наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін;
  • арт. 358 — шпіянаж;
  • арт. 3581 — агентурная дзейнасць;
  • арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Падзяліцца: