Мінск 14:49

ЕАБР звязаў рост цэн на нерэгуляваныя паслугі ў Беларусі з павелічэннем заробкаў і высокім узроўнем попыту

Ілюстрацыйнае фота: Anna Shvets / pexels.com

18 лістапада, Позірк. Асноўным фактарам росту цэн у Беларусі стала падаражэнне нерэгуляваных паслуг, гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця.

“Прыкметны рост цэн на нерэгуляваныя паслугі звязаны з значным павелічэннем выдаткаў на працу і высокім узроўнем спажывецкага попыту”, — лічаць аналітыкі.

У аглядзе таксама звяртаецца ўвага на паскарэнне базавай інфляцыі, якая дасягнула 5,3% (тут і далей у гадавым выражэнні) у кастрычніку пасля 5,1% і 4,8% у верасні і жніўні адпаведна.

У таварным сегменце інфляцыя “заставалася ўмеранай дзякуючы ўздзеянню мер цэнавага рэгулявання”.

Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў верасні 2024 года склаў 2.313,9 рубля — на 27,3 менш (-1,2%), чым у жніўні (2.341,2).

Паводле даных Белстата, спажывецкія цэны ў кастрычніку 2024 года выраслі на 0,5%, ад пачатку года — на 4,3%, за 12 месяцаў (кастрычнік да кастрычніка) — на 5,9%.

Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта планавых) параметраў развіцця краіны на 2024 год, інфляцыя не павінна перавысіць 6%.

Міжнародны валютны фонд прагназуе, што рост цэн па выніках года складзе 6%, Еўразійскі банк развіцця — 8%, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — 5,8%.

У 2023 годзе цэны выраслі на 5,8%.

Падзяліцца: