Мінск 18:11

Улады падоўжылі на 2025 год дазвол экспарцёрам прымаць наяўную замежную валюту

Ілюстрацыйнае фота: Andres Siimon / unsplash.com

19 лістапада, Позірк. У чарговы раз падоўжаны дазвол экспарцёрам прымаць наяўную замежную валюту, вынікае з сумеснай пастановы Савета міністраў і Нацыянальнага банка № 853/28 ад 16 лістапада, апублікаванай 19 лістапада на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Першапачатковая пастанова № 363/13 ад 7 чэрвеня 2022 года дзейнічала да 2023 года, але пазней была пралангаваная на 2024 год.

Дакумент быў прыняты на фоне цяжкасцей пры рэалізацыі айчыннай прадукцыі за мяжу, якія ўзніклі пасля ўвядзення санкцый за ролю Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны.

Нацбанк адзначаў, што магчымасць атрымліваць наяўную замежную валюту акажа падтрымку экспарцёрам у “цяперашніх знешнеэканамічных умовах”.

Згодна з пастановай, рэзідэнты Беларусі могуць атрымаць наяўную валюту (долары, еўра і юані) ад нерэзідэнтаў на тэрыторыі краіны і за мяжой, забяспечыўшы яе залічэнне на свой рахунак у замежным банку або ўвоз на беларускую тэрыторыю. Атрыманне наяўнай замежнай валюты магчымае “ў форме яе ўнясення нерэзідэнтамі непасрэдна на банкаўскія рахункі рэзідэнтаў як у Беларусі, так і па-за яе межамі”.

Замежная валюта, залічаная на рахунак у замежным банку, павінна быць пераведзеная рэзідэнтам на яго рахунак у беларускім банку на працягу пяці працоўных дзён з даты залічэння. Увезеная ў краіну або атрыманая наяўная валюта павінна быць залічаная на рахунак рэзідэнта ў беларускім банку не пазней за працоўны дзень, які ідзе за днём яе атрымання на тэрыторыі (увозу на тэрыторыю) Беларусі.

Суб’ектам гаспадарання прадпісана выконваць тэрміны залічэння замежнай валюты на свае рахункі, адкрытыя ў беларускіх банках, вызначаныя на падставе ўмоў экспартных дагавораў (тэрміны рэпатрыяцыі).

Згодна з удакладненнем Нацбанка, увоз наяўнай замежнай валюты ў Беларусь “ажыццяўляецца з выкананнем патрабаванняў мытнага заканадаўства”.

Унясенне наяўнай замежнай валюты на рахункі рэзідэнтаў у беларускіх банках ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным банкаўскім заканадаўствам.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў.

У сувязі з ваеннай агрэсіяй дэмакратычныя краіны ўвялі ў дачыненні да РФ беспрэцэдэнтныя санкцыі. Адносна Беларусі, кіраўніцтва якой лічаць саўдзельнікам Масквы, прынятыя меншыя, але ўсё адно істотныя абмежавальныя меры.

Падзяліцца: