Мінск 03:16

Па крымінальных справах за салідарнасць з Украінай асуджана не менш як 200 чалавек — праваабаронцы

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

19 лістапада, Позірк. Не менш як 200 чалавек асуджана па крымінальных справах за салідарнасць з Украінай, яны прыгавораныя да абмежавання або пазбаўлення волі на тэрмін ад 1 да 25 гадоў, некаторым прызначана прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары, гаворыцца ў справаздачы праваабарончага цэнтра “Вясна” па сканчэнні 1.000 дзён поўнамаштабнай вайны Расіі супраць украінскага народа.

Праваабаронцы канстатавалі, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі адкрыта пераследуе беларусаў за антываенную пазіцыю і падтрымку Украіны. Згодна з данымі на люты, сама меней 1.671 чалавек быў затрыманы за праяву антываеннай пазіцыі.

Затрыманых, адзначана ў справаздачы, “катавалі, трымалі ў нечалавечых умовах, прысуджалі штрафы ці суткі, а таксама вялікія тэрміны зняволення”.

Грамадзянін Германіі Рыка Крыгер, нагадалі праваабаронцы, быў прыгавораны да смяротнага пакарання, аднак змог пазбегнуць яго, паколькі выйшаў на волю ў выніку абмену паміж РФ і краінамі Захаду.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў.

У сувязі з ваеннай агрэсіяй дэмакратычныя краіны ўвялі ў дачыненні да РФ беспрэцэдэнтныя санкцыі. У дачыненні да Беларусі, кіраўніцтва якой лічаць саўдзельнікам Масквы, прынятыя меншыя, але ўсё адно істотныя абмежавальныя меры.

Гл. таксама:

Тысяча дзён пекла. Туман вайны ва Украіне хавае і будучыню Беларусі (на рускай мове)

Падзяліцца: