Мінск 13:24

Беларусь адчувае на сабе наступствы вайны ва Украіне — “Зялёная сетка”

19 лістапада, Позірк. Устанавіць у рамках спецыяльнага судовага разбору на міжнародным узроўні адказнасць усіх асоб і бакоў, якія маюць дачыненне да прычынення экалагічнай шкоды ў сувязі з вайной ва Украіне, у тым ліку ў беларускім кіраўніцтве, заклікала таварыства экалагічных арганізацый і экаактывістаў Беларусі “Зялёная сетка”.

Заява была зробленая ў сувязі з 1000-м днём поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Эколагі сцвярджаюць, што экалагічныя наступствы вайны не сканчаюцца ля межаў Украіны — іх адчувае на сабе ўвесь рэгіён, у тым ліку Беларусь.

Сярод наступстваў вайны называюцца рызыкі ядзернай катастрофы падчас абстрэлаў украінскай энергасістэмы, мілітарызацыя прыгранічных з Украінай тэрыторый, немагчымасць праводзіць сумесныя трансгранічныя прыродаахоўныя мерапрыемствы, дадатковыя выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу, якія пагаршаюць праблему адаптацыі да змены клімату, скарачэнне фінансавання экаахоўных праграм з-за мілітарызацыі эканомік краін рэгіёну.

Паводле звестак арганізацыі “Екодія” (“Экадзеянне”) (Кіеў), з пачатку вайны зафіксавана больш за тысячу фактаў нанясення шкоды навакольнаму асяроддзю. Найбольш пацярпелымі рэгіёнамі сталі Днепрапятроўская, Данецкая, Запароская, Мікалаеўская, Луганская, Харкаўская і Херсонская вобласці.

“У Мікалаеўскай вобласці значны ўрон нанесены воднаму асяроддзю, у Днепрапятроўскай — энергетычнай інфраструктуры, у Харкаўскай разбураныя прамысловыя прадпрыемствы. Міністр абароны навакольнага асяроддзя Украіны ацаніў экалагічны ўрон ад агрэсіі ў амаль два трыльёны грыўняў (больш за $54 млрд)”, — гаворыцца ў заяве эколагаў.

“Зялёная сетка” таксама прыводзіць прыклады ўплыву вайны на экалагічную абстаноўку: у выніку выбухаў глеба руйнуецца, і ўрадлівы пласт замяняецца пяском і камянямі, што робіць рэкультывацыю складанай і дарогай. Міны, якімі ўсеяна больш за 40% тэрыторыі Украіны, уяўляюць сур’ёзную пагрозу для сельскай гаспадаркі і экасістэмы.

Падрыў Кахоўскай ГЭС прывёў да масавай гібелі рыбы і разбурэння водна-балотных угоддзяў, што негатыўна адбілася на папуляцыях вадаплаўных птушак. Заапарк у Новай Кахоўцы, паводле некаторых даных, страціў амаль усіх жывёл. У запаведніку “Асканія-Нова” падчас акупацыі многія рэдкія віды жывёл загінулі, астатніх з’елі акупацыйныя войскі.

“Ваенныя дзеянні закранулі 3 млн гектараў лесу, што прывяло да знішчэння месцаў пражывання жывёл і птушак. Больш за траціну лясоў Украіны было знішчана, і некаторыя лясы страчаныя назаўжды”, — паведамляюць эколагі.

Адзін пажар на нафтабазе можа выклікаць такое ж забруджванне, як увесь транспарт Кіева за месяц. Пры гэтым бывалі месяцы, калі на нафтабазах фіксавалася больш за 20 узгаранняў ад абстрэлаў.

Выдатак паліва ваеннай тэхнікай значна павялічвае выкіды вуглякіслага газу і іншых забруджвальнікаў: БТР расходуе да 130 літраў на 100 км, танкі — да 500 літраў.

У вайны ёсць і ўскосны негатыўны ўплыў на экалагічную абстаноўку, адзначаюць аўтары заявы. Да іх адносіцца недахоп супрацоўнікаў у прыродаахоўных арганізацыях Украіны: многія работнікі былі прызваныя на фронт або з’ехалі, што прывяло да спынення дзейнасці на 24 ахоўных тэрыторыях, а з-за таго, што прыродаахоўныя зоны сталі прытулкам для 15 тыс. эвакуяваных, ствараецца дадатковы ціск на экасістэмы.

Падзяліцца: