Мінск 04:06

Краіны Захаду “разгортваюць кантынгенты” ля межаў Беларусі, заяўляе кіраўнік Генштаба Муравейка

Фота: Мінабароны

20 лістапада, Позірк. Заходнія краіны ствараюць ля мяжы з Беларуссю “склады ўзбраення і тэхнікі”, “разгортваюць кантынгенты”, заявіў 20 лістапада кіраўнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка.

Паводле яго слоў, “адкрыта мілітарызуецца” эканоміка суседніх краін, што з’яўляецца “своеасаблівым фактарам, які неабходна ўлічваць”.

“Сёння адкрыта выяўляецца дэградацыя геапалітычнай абстаноўкі, нарастае стратэгічная нестабільнасць. Усё ярчэй выяўляецца няздольнасць міжнародных інстытутаў уплываць на працэсы, якія адбываюцца”, — цытуе Муравейку прэс-служба Мінабароны.

Паводле яго сцвярджэння, супрацьстаянне па лініі Захад — Усход “дасягнула гарачай фазы”.

“На гэтым фоне эскалацыя канфлікту ва Украіне ля нашых паўднёвых межаў з’яўляецца своеасаблівым трыгерам. А гэта звязана з прыняццем безадказных палітычных рашэнняў, такіх як накіраванне ўкраінскіх і міжнародных наймітаў для атакі на Курскую вобласць Расійскай Федэрацыі, выдача дазволу на прымяненне дальнабойных сістэм па аб’ектах грамадзянскай інфраструктуры ў глыбіні Расіі, прыняцце рашэнняў на пастаўкі кіеўскаму рэжыму супрацьпяхотных мін”, — сказаў Муравейка.

Ваеначальнік заяўляе, што пералічаныя фактары “вельмі сур’ёзна ўплываюць” як на бяспеку Беларусі, так і на ўсходнееўрапейскі рэгіён калектыўнай бяспекі ў цэлым.

Прадстаўнікі беларускіх узброеных сіл рэгулярна заяўляюць аб варожых намерах краін НАТО. 5 лістапада начальнік галоўнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генштаба Уладзімір Купрыянюк заявіў, што “калектыўны Захад” узмацняе прысутнасць на ўсходніх межах “кааліцыйных войскаў”, якія “здольныя наносіць высокадакладныя ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Беларусі і заходніх рэгіёнаў Расіі”.

Паводле яго слоў, “у непасрэднай блізкасці ад беларускай мяжы” сканцэнтраваная таксама “значная групоўка ўкраінскай арміі колькасцю каля 15 тыс. чалавек”, у прыгранічных абласцях Украінай “выбудаваная і пастаянна ўдасканальваецца сістэма абарончых рубяжоў, раёнаў і пазіцый”, не спыняецца “вядзенне выведкі ўсіх відаў”, а супраць супрацоўнікаў беларускіх сілавых ведамстваў “сістэматычна ажыццяўляюцца правакацыйныя і дэманстратыўныя дзеянні”

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайсковую агрэсію супраць Украіны, якая была падтрыманая ўладамі ў Мінску. З пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расійскай арміяй для нанясення ўдараў па Украіне.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка прызнаў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзеная 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.

11 красавіка 2023 года першы намеснік міністра абароны Украіны Аляксандр Паўлюк заявіў, што ў пачатку вайны 70 тыс. вайскоўцаў 35-й агульнавайсковай арміі РФ на 7 тыс. бронемашынах “з беларускай мяжы ўварваліся” на тэрыторыю Кіеўскай вобласці.

23 кастрычніка 2024 года Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю BBC, што Беларусь не давала РФ тэрыторыю для нападу на Украіну.

“У нас [у лютым 2022 года] былі вучэнні, на якіх было задзейнічана некалькі тысяч чалавек расійскіх войскаў. Гэтыя войскі былі ў асноўным з Усходняй акругі, і [прэзідэнт РФ Уладзімір] Пуцін пачаў выводзіць гэтыя войскі з Беларусі. Яны былі на поўдні [Беларусі], і па гэтай дарозе, міма мяжы з Украінай, ён пачаў вывад войскаў”, — сказаў Лукашэнка.

“Частку войскаў у нейкі перыяд (справакавалі, я ў гэтым перакананы) ён (Пуцін. — “Позірк”.) завярнуў на Кіеў. Чаму так адбылося? Спытайце ў Зяленскага”, — дадаў Лукашэнка.

У тым ліку за саўдзел у расійскай агрэсіі заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і многіх прадпрыемстваў краіны. Блок НАТО пачаў нарошчваць сваю групоўку ў геаграфічна набліжаных да Беларусі і РФ краінах таксама пасля пачатку вайны.

Падзяліцца: