Мінск 05:00

Пошукі зніклых у Турцыі беларусак працягнуцца заўтра, калі дазволяць умовы надвор’я

20 лістапада, Позірк. Падчас пошукавых работ, якія праходзілі 20 лістапада, знайсці зніклых у Турцыі беларускіх сясцёр-альпіністак Валянціну і Марыю Іванковых не ўдалося, паведаміла агенцтва “Анадолу”.

Адзначаецца, што каманды ратавальнікаў, якія “адчувалі цяжкасці ў пошуку з-за таўшчыні снегу, што месцамі дасягала 60 сантыметраў”, былі знятыя з месца на верталёце і дастаўлены ў навучальны цэнтр лагера Дэмірказік.

“Прыпыненыя пошукі будуць адноўленыя заўтра, калі ўмовы надвор’я будуць спрыяльнымі”, — піша агенцтва.

За некалькі гадзін да гэтага “Анадолу” паведамляла, што пошукавыя групы ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў МУС Турцыі, а таксама жандармерыі правінцыі Нігдэ працягнулі пошукавыя работы ў раёне гары Кызылкая. Да пошукаў падключаўся пілатуемы разведвальны самалёт, які вылецеў з турэцкай сталіцы.

Пра знікненне ў Турцыі сясцёр-блізнят з Беларусі Валянціны і Марыі Іванковых стала вядома удзень 19 лістапада. Інфармацыю пра здарэнне пацвердзіў МЗС Беларусі. Паводле інфармацыі беларускага консульства ў Турцыі, дзяўчаты прыбылі ў правінцыю Нігдэ з Анкары 15 лістапада, каб заняцца альпінізмам, але з 18 лістапада, калі яны павінны былі вярнуцца ў турэцкую сталіцу, ад іх не паступіла ніякіх вестак.

У першы дзень пошукавых работ (19 лістапада) у іх бралі ўдзел чатыры чалавекі з пошукава-выратавальнай групы жандармерыі і 10 чалавек з упраўлення па надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў МУС Турцыі.

Падзяліцца: