Мінск 20:28

ЕЭК: Эканомікі Беларусі і Расіі перайшлі ў фазу запаволення

3 лютага, Позірк. У краінах Еўразійскага эканамічнага саюза “змянілася дынаміка дзелавой актыўнасці”, паведамляе Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК).

“Эканомікі Казахстана і Кыргызстана застаюцца ў фазе ўздыму, — адзначае ЕЭК. — [Эканомікі] Расіі і Беларусі — перайшлі ў фазу запаволення. Арменія з фазы ўздыму перайшла ў фазу зніжэння дзелавой актыўнасці”.

Камісія чакае, што ў лютым 2025 года ў эканоміках дзяржаў ЕАЭС “захаваюцца бягучыя тэндэнцыі”.

Паводле прагнозу Еўразійскага банка развіцця ад 5 снежня 2024 года, рост эканомікі Беларусі ў найбліжэйшыя гады замарудзіцца.

Спецыялісты ЕАБР лічаць, што па выніках 2025 года ВУП вырасце на 2,6%, 2026-га — на 1,9%, 2027-га — на 1,5%.

Разам з тым інфляцыя ў гэтыя гады чакаецца на ўзроўні 6,6%, 7,9% і 7,4% адпаведна.

Сярэднегадавы курс беларускага рубля да долара — 3,38, 3,57 і 3,81.

На думку аналітыкаў, эканоміка ў 2025-м вырасце за кошт “росту спажывецкай актыўнасці і попыту з боку Расіі”. Разам з тым, як адзначаецца, “следствам пашырэння ўнутранага попыту і паслаблення цэнавага рэгулявання стане павышэнне інфляцыі”.

Прагноз ЕАБР на 2025 год:

Рост ВУП: Кыргызстан — 8,7%, Таджыкістан — 8,4%, Арменія і Казахстан — па 5,5%, Беларусь — 2,6%, Расія — 2,4%.

Інфляцыя: Казахстан — 7,3%, Беларусь — 6,6%, Расія — 6,5%, Таджыкістан — 5,9%, Кыргызстан — 5%, Арменія — 3,1%.

Падзяліцца: