Мінск 21:01

Падпісаны ўказ аб стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій

Ілюстрацыя: Steve A. Johnson / unsplash.com

10 верасня, Позірк. Указ аб стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла 10 верасня яго прэс-служба.

Згодна з дакументам, з 1 верасня 2027 года акадэмія мае пачаць падрыхтоўку спецыялістаў “у галіне прыродазнаўчых навук, прамысловых і лічбавых тэхналогій, іншых перспектыўных кірункаў”.

Для паступлення прадугледжаны “ўнікальны парадак адбору ў фармаце рэспубліканскага конкурсу”. Удзельнічаць у ім змогуць выпускнікі школ, навучэнцы каледжаў і студэнты ВНУ, спецыялісты прадпрыемстваў і навукоўцы.

Папярэдні адбор будзе праходзіць у Мінску, абласных цэнтрах і буйных гарадах. Ахвочым навучацца ў акадэміі неабходна будзе прадставіць “крэатыўную ідэю, распрацоўку, вынаходку, рацыянальную прапанову”.

Заключны этап адбору будзе праходзіць у фармаце “практычнага інтэнсіўнага курса” з выкананнем “індывідуальных і групавых заданняў, публічнай абаронай праекта і здачай унутранага ўступнага выпрабавання”.

Да адукацыйнага працэсу плануецца прыцягнуць “вядучых навукоўцаў і выкладчыкаў, кіраўнікоў і спецыялістаў-практыкаў прадпрыемстваў, якія дасягнулі значных поспехаў у навуковай, інавацыйнай і вытворчай сферах”.

Праграмы навучання, як адзначаецца ў паведамленні, змогуць карэктавацца “на падставе галіновых запытаў”. Навучэнцы змогуць самастойна выбіраць спецкурсы, сумежную прафілізацыю або спецыяльнасць.

Акрамя таго, плануецца арганізаваць іх навучанне на прадпрыемствах “з вырашэннем рэальных вытворчых задач”, забяспечыць ім “групавую і індывідуальную праектную і навукова-даследчую дзейнасць”. Усё гэта, як сцвярджаецца, “дазволіць выйсці на канкрэтны прадукт, арыентаваны на ўкараненне ў рэальны сектар эканомікі і камерцыялізацыю”.

Апрабаваныя “эксперыментальныя навучальныя праграмы і перадавыя методыкі” плануецца ўкараняць у іншых адукацыйных установах. Паводле задумы аўтараў дакумента, гэта мае забяспечыць “далейшае падвышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў”.

Пасля завяршэння навучання навучэнцам трэба будзе здаць дзяржаўны іспыт, а таксама абараніць стартап-праект або прыкладную навукова-даследчую працу.

Каардынаваць працу акадэміі і кантраляваць яе дзейнасць будзе назіральны савет на чале з міністрам адукацыі. У яго ўвойдуць “кіраўнікі галіновых міністэрстваў і ведамстваў, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Парка высокіх тэхналогій”.

Стварэнне акадэміі, як заяўлена, дазволіць сфармаваць “гнуткае, міждысцыплінарнае навукова-адукацыйнае асяроддзе новага тыпу”.

4 жніўня на нарадзе аб стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій Лукашэнка заявіў, што ў ёй, магчыма, змогуць вынайсці “прынцыпова новы магутны сродак барацьбы з беспілотнікамі”, які “абнуліць значэнне і ролю БПЛА”.

Паводле яго слоў, новая ўстанова мае стаць не “другім фундаментальным кірункам” у беларускай навуцы, а цэнтрам прыкладных распрацовак. “Стварыць трэба тое, што будзе патрэбна заўтра і паслязаўтра”, — адзначыў спікер.

Пры гэтым палітык раскрытыкаваў стан фундаментальнай навукі ў Беларусі. Паводле яго сцвярджэння, навукоўцы “шмат кажуць і абяцаюць”, аднак “рэальных прарыўных ідэй не генеруюць”. “Фундаментальнай навукі няма, а прыкладныя ў нас хоць нешта робяць, але робяць мала”, — заявіў Лукашэнка.

Спікер таксама выказаў меркаванне, што ў новай акадэміі не павінна быць узроставых абмежаванняў. Паводле яго слоў, туды варта прымаць таленавітых людзей незалежна ад узросту, бо “для перадавых, прарыўных ідэй і распрацовак часцяком важны досвед, атрыманы ў жыцці і прафесійнай дзейнасці”.

Як заявіў Лукашэнка, акадэмія не павінна ператварыцца “ў шараговую ВНУ або проста пастаўшчыка дыпломаў”. Паведамлялася, што яна будзе рыхтаваць спецыялістаў у сферах штучнага інтэлекту, новых матэрыялаў, лічбавай прамысловасці і квантавых тэхналогій, а таксама стане адным з ключавых інструментаў забеспячэння “тэхналагічнага суверэнітэту” краіны.

Палітык тады даручыў “не зацягваць са стварэннем” новай установы і “прыняць канчатковае рашэнне па праекце ў найбліжэйшы час”.

Падзяліцца: