Мінск 21:57

Паводле абвінавачання ў “падрыхтоўцы тэракта” ў Наварасійску грамадзянін Беларусі прыгавораны да 25 гадоў зняволення

Відэа: ФСБ РФ, ТАСС / стоп-кадр: "Позірк"

10 верасня, Позірк. Паўднёвы акруговы вайсковы суд (Растоў-на-Доне, Расія) прызнаў грамадзяніна Беларусі вінаватым у “падрыхтоўцы тэракта”, паведаміла 10 верасня агенцтва ТАСС са спасылкай на прэс-службу суда.

Паводле інфармацыі агенцтва, у снежні 2024 года грамадзянін Беларусі Кітоў (поўнае імя не прыводзіцца) у Краснадары “уступіў у перапіску з асобай, якая прадставілася супрацоўнікам Службы бяспекі Украіны, падчас якой падсудны даў сваю згоду на канфідэнцыйную супрацу”.

26 лютага 2025 года мужчыну, як сцвярджаецца, “паступіла заданне на здзяйсненне тэрарыстычнага акта — правядзенне падрыву з дапамогай самаробнай выбуховай прылады пункта адбору на вайсковую службу па кантракце ў Наварасійску Краснадарскага краю”. Заяўлена, што тэракт прадухілілі супрацоўнікі ўпраўлення Федэральнай службы бяспекі (ФСБ) па Краснадарскім краі РФ.

У тым жа месяцы ён, як паведамляецца, “прыбыў у Наварасійск, забраў з тайніка кампаненты для вырабу самаробнай выбуховай прылады (СВП) і перахаваў іх”. Да гэтага ён атрымаў “інструкцыю па зборцы і актывацыі СВП”.

Падчас суда мужчына, як сцвярджаецца, “цалкам прызнаў віну і паведаміў, што атрымаў 805 долараў ад супрацоўніка СБУ для выканання задачы па здзяйсненні тэрарыстычнага акта”.

Грамадзянін Беларусі прыгавораны да 25 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму (першыя 5 гадоў — у турме). Акрамя таго, суд аштрафаваў яго на 300 тыс. расійскіх рублёў (больш за 3,5 тыс. долараў).

18 красавіка 2025 года ФСБ РФ паведаміла пра затрыманне ў Краснадарскім краі замежнага грамадзяніна 2000 года нараджэння, “датычнага да збору выведвальнай інфармацыі і падрыхтоўкі тэрарыстычнага акта ў інтарэсах” СБУ.

Сцвярджалася, што ў снежні 2024 года мужчына быў завербаваны праз інтэрнэт “у мэтах збору звестак пра месцы дыслакацыі караблёў Чарнаморскага флоту, вайскоўцаў УС РФ на тэрыторыі Краснадарскага краю і здзяйснення тэрактаў”. На апублікаваным расійскімі дзяржСМІ відэа допыту затрыманы заявіў, што ён грамадзянін Беларусі.

У дачыненні да мужчыны была распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 30, ч. 1 арт. 205 (падрыхтоўка да здзяйснення тэрарыстычнага акта) КК РФ.

Напрыканцы мінулага года 2-гі Усходні акруговы ваенны суд прыгаварыў 54-гадовага беларуса, экс-супрацоўніка наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода “Нафтан”, удзельніка стачкі на прадпрыемстве ў 2020 годзе Сяргея Ярамеева да 22 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.

Ярамееў, як сцвярджалася, за грашовае ўзнагароджанне “ўвайшоў у склад тэрарыстычнай супольнасці, створанай для здзяйснення выбухаў на аб’ектах транспартнай інфраструктуры Усходне-Сібірскай чыгункі”.

Падзяліцца: