Мінск 23:59

Улады Беларусі і РФ маюць намер правесці напрыканцы верасня ў Нью-Ёрку сустрэчу па “запуску перагаворнага працэсу” пра Еўразійскую хартыю

Ілюстрацыя: Starline / magnific.com

10 верасня, Позірк. Прадстаўнікі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі правялі 10 верасня кансультацыі “па тэматыцы еўразійскай бяспекі і распрацоўкі Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі”, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

Адзначаецца, што бакі падсумавалі вынікі “праведзенай у 2026 годзе сумеснай працы па прасоўванні канцэпцыі Еўразійскай хартыі”.

“Абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі міністэрскай сустрэчы па запуску перагаворнага працэсу па Хартыі, якая адбудзецца 25 верасня 2026 г. на палях 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, а таксама арганізацыю перагаворнага працэсу ў цэлым”, — гаворыцца ў паведамленні.

Заяўлена, што ў рамках кансультацый адбылася сустрэча намесніка міністра замежных спраў Беларусі Ігара Сякрэты з амбасадарам па асаблівых даручэннях МЗС РФ Аляксандрам Трафімавым.

Прадстаўнік Мінска, як адзначаецца, “у цэлым пазітыўна” ацаніў узаемадзеянне дзвюх краін “у справе прасоўвання беларускай ініцыятывы ад моманту яе вылучэння ў 2023 годзе і выказаў шэраг прапаноў для абмеркавання на кансультацыях”.

Ідэя распрацоўкі Еўразійскай хартыі ўпершыню была агучаная на Міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы ў Мінску ў кастрычніку 2023 года — крыху менш чым праз два гады пасля таго, як Расія развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымлівае Крэмль. Дакумент дагэтуль на стадыі фармавання, таму канчатковага тэксту яшчэ няма.

Аднак напрыканцы 2024 года кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў і яго расійскі калега Сяргей Лаўроў падпісалі дакумент, у якім прадстаўленае “сумеснае бачанне” гэтай хартыі. Сярод іншага ён утрымлівае неаднаразова агучаныя — як беларускім, так і расійскім бокам, — заклікі да пабудовы шматпалярнага свету на падставе разнастайнасці. Пры гэтым асабліва вылучаецца роля Еўразіі як “геаграфічнага цэнтра і матэрыяльнага падмурка шматпалярнага свету, што цяпер фармуецца, дзе размешчаныя старажытныя цывілізацыі, вакол якіх склаліся дзяржавы, інтэграцыйныя аб’яднанні, рэгіянальныя арганізацыі і цэнтры сілы”.

Адметна, што Еўрапейскі саюз аўтары да такіх аб’яднанняў і цэнтраў сілы не адносяць. Як вынікае з тэксту дакумента, для рэалізацыі пастаўленых імі глабальных задач прапануецца выкарыстоўваць такія “шматбаковыя механізмы супрацы, якія функцыянуюць на еўразійскім кантыненце”, як “ЕАЭС, АДКБ, СНД, ШАС, АСЕАН, СВМДА, ЛАД, ССАДПЗ, Саюзная дзяржава”.

Аўтары дакумента абавязваюцца “абапірацца на міжнароднае права”, “выступаць супраць выключнасці і стандартаў у сусветнай палітыцы”. Сярод іншага яны заклікалі “фармаваць новую агульнакантынентальную архітэктуру ўзаемадзеяння ў галіне бяспекі, заснаваную на прынцыпах непадзельнасці бяспекі, справядлівасці, легітымнасці, устойлівасці і сумеснага ўнёску ўдзельнікаў”.

Падзяліцца: