Мінск 09:48

“Ноч расстраляных паэтаў” у Ерэване прайшла з удзелам іранцаў, якія выступаюць супраць рэжыму аятол

Фота: Саюз беларусаў Арменіі "Беларусы АМ"

30 кастрычніка, Позірк. Акцыю памяці “Ноч расстраляных паэтаў” арганізаваў 29 кастрычніка Саюз беларусаў Арменіі “Беларусы АМ”. Мерапрыемства прайшло ля помніка армянскаму паэту, празаіку і перакладчыку Егішэ Чаранцу (Сагаманяну), які памёр у лістападзе 1937 года ва ўзросце 40 гадоў у турме — праз чатыры месяцы пасля арышту па абвінавачанні ў нацыяналізме, тэрарызме, трацкізме і контррэвалюцыі.

Удзельнікі акцыі, сярод якіх быў высланы з Грузіі актывіст Леў Міхееў, чыталі вершы расстраляных беларускіх паэтаў Валерыя Маракова, Юркі Лявоннага, Алеся Дудара, усклалі кветкі да помніка Чаранцу.

Падчас выступу адзін з прамоўцаў правёў паралель з сучаснай Беларуссю, адкуль выцясняюць інтэлектуалаў, “хоць пакуль і без расстрэлаў“. Ён патлумачыў гэта тым, што камунізм так і не быў асуджаны як злачынства.

Да ўдзельнікаў далучыліся іранцы, якія выступаюць супраць рэжыму аятол у сваёй краіне. Яны прынеслі плакат салідарнасці з беларускім народам і ўсклалі кветкі да помніка Чаранцу.

“Мы шчыра ўдзячныя нашым іранскім сябрам за салідарнасць і падтрымку. Наша агульная барацьба супраць рэпрэсій і аўтарытарызму паказвае, наколькі трывалымі могуць быць сувязі паміж народамі, якія імкнуцца да свабоды і справядлівасці“, — гаворыцца ў паведамленні Саюза беларусаў Арменіі па выніках акцыі.

Мерапрыемствы пад агульнай назвай “Ноч расстраляных паэтаў” або “Ноч (не)расстраляных паэтаў“ беларуская дыяспара праводзіць з 23 па 30 кастрычніка ў розных гарадах свету. Яны прысвечаныя гадавіне масавага расстрэлу ў Мінску ў ноч на 30 кастрычніка 1937 года прадстаўнікоў інтэлігенцыі. У Беларусі такія мерапрыемствы пагражаюць пераследам паводле палітычных матываў.

Фота: Саюз беларусаў Арменіі "Беларусы АМ"

Гл. таксама па тэме:

Чорная ноч беларускай літаратуры. Як захавалася памяць аб расстраляных паэтах

Падзяліцца: