Трамп працягвае ціснуць на Літву ў пытанні транзіту беларускага калію — Politico

30 кастрычніка, Позірк. Адміністрацыя амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа працягвае ціснуць на Літву ў пытанні транзіту беларускага калію праз Клайпедскі порт, нягледзячы на еўрапейскія санкцыі, паведамляе выданне Politico.
Робіцца гэта таму, што ЗША імкнуцца знізіць залежнасць ад Канады ў дачыненні да гэтага крытычна важнага інгрэдыента угнаенняў і дапамагчы знізіць выдаткі амерыканскіх фермераў.
Паводле слоў чатырох еўрапейскіх чыноўнікаў, на якіх спасылаецца выданне, спецыяльны пасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл у апошнія тыдні прамацваў глебу ў гутарках з літоўскімі дыпламатамі з нагоды паслаблення блакады тавараў з Беларусі, якая знаходзіцца пад санкцыямі.
Літва, якая на пачатку 2027 года прыме ратацыйнае старшынства ў Еўрапейскім саюзе, як піша выданне, тэарэтычна магла б накласці вета на наступнае падаўжэнне санкцый, запланаванае на люты.
Выданне адзначае, што “крах гандлёвых перамоваў паміж ЗША і Канадай у жніўні і новыя люстраныя падвышэнні тарыфаў толькі яшчэ больш падштурхнулі цікавасць [амерыканскай] адміністрацыі да закупак калію ў Беларусі, якая кантралюе блізу 20% сусветнага рынку”.
Гэта адбываецца “на фоне больш шырокіх намаганняў” Трампа ў паслабленні санкцый супраць Расіі і яе хаўруснікаў, але гэтыя намаганні натыкаюцца на жорсткі супраціў у Еўропе, дзе афіцыйныя асобы глыбока скептычна ставяцца да любых саступак Пуціну, якія, на іх думку, толькі яшчэ больш нададуць упэўненасці расійскаму аўтакрату і іншым асобам з ягонага атачэння, такім як Лукашэнка, гаворыцца ў матэрыяле.
Як паведаміў выданню неназваны ўсходнееўрапейскі чыноўнік, ЗША ” ціснуць ветліва, але мы вельмі выразна кажам “не” (цытата з тэксту: “fuck no”. — “Позірк”). “Калі амерыканцы не здольныя вучыцца на ўроках гісторыі, то мы павінны стаяць на сваім”, — дадала крыніца.
Яшчэ два ўсходнееўрапейскія чыноўнікі заявілі Politico, што Коўл аказвае ціск на ўсе ўзроўні літоўскага ўрада ўжо больш за год, з таго часу, як упершыню наведаў Мінск. Другі ўсходнееўрапейскі чыноўнік паведаміў, што ЗША ўжо даўно вядуць перамовы аб тым, ці можа беларускі калій паступаць на сусветныя рынкі праз Клайпеду і іншыя парты Балтыйскага мора, такія як сталіца Латвіі Рыга, што было б больш простым транспартным маршрутам, чым праз Расію.
Еўрапейскі чыноўнік пацвердзіў, што Коўл таксама звяртаўся па гэтым пытанні да латвійскіх калег.
Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамента ЗША адмовіўся каментаваць выданню “канкрэтныя камерцыйныя ўгоды”, але заявіў, што Беларусь апошнім часам прадэманстравала “канструктыўнае ўзаемадзеянне са Злучанымі Штатамі”.
Politico падкрэслівае, што афіцыйныя асобы ў Еўропе не імкнуцца прытрымлівацца курсу Трампа, усходнееўрапейскія чыноўнікі таксама занепакоеныя тым, што змякчэнне санкцый у дачыненні да Лукашэнкі можа надаць яму больш міжнароднай легітымнасці і свабоды дзеянняў для працягу турэмнага зняволення апанентаў.
21 верасня Трамп напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Truth Social, што ЗША “працуюць над буйной здзелкай па закупцы калійных угнаенняў у Беларусі“. “Кошт будзе істотна ніжэй за той, які мы цяпер плацім Канадзе, — гэта вельмі добрая навіна для нашых фермераў і ўладальнікаў ранча“, — падкрэсліў палітык-бізнэсмэн.
Зацікаўленасць у куплі беларускіх мінеральных угнаенняў Трамп пацвердзіў 22 верасня на сумесным брыфінгу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на палях Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
У чэрвені 2021 года Еўрасаюз у адказ на рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама прымусовую пасадку рэйса Ryanair Афіны — Вільнюс ў Мінску прыняў пакет сектаральных санкцый, якім сярод іншага абмежаваў імпарт, куплю і перадачу пэўных відаў беларускіх калійных угнаенняў. Забарона закранула не ўвесь калійны экспарт, таму пастаўкі прадукцыі прадпрыемства “Беларуськалій“ праз порт у Клайпедзе не перапыніліся.
У жніўні таго ж года ЗША ўвялі санкцыі непасрэдна супраць “Беларуськалія”. Адначасова быў вызначаны пераходны перыяд для згортвання аперацый з прадпрыемствам — да 8 снежня 2021 года.
На гэтым фоне пастаўкі беларускага калію, якія працягвала выконваць “Літоўская чыгунка” (LTG), выклікалі палітычны скандал у Вільнюсе. Спецыяльная камісія прызнала дамову паміж LTG і “Беларуськаліем” не адпаведнай інтарэсам нацыянальнай бяспекі, і ў студзені 2022-га ўрад Літвы пастанавіў спыніць яго дзеянне 1 лютага таго ж года.
У сакавіку 2022 года — неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны, у якой Менск падтрымлівае Маскву, — ЕС істотна пашырыў ранейшыя абмежавальныя меры ў дачыненні да беларускай калійнай сферы, а ў чэрвені ўвёў санкцыі непасрэдна супраць “Беларуськалія“ і Беларускай калійнай кампаніі (БКК).
Пасля вяртання Трампа ў Белы дом у пачатку 2025 года актывізаваліся публічныя кантакты прадстаўнікоў ЗША і беларускіх уладаў. Па выніках сустрэч Аляксандра Лукашэнкі з амерыканскімі дэлегацыямі, якія сталі перыядычна прыязджаць у Мінск, на волю пачалі выходзіць групы палітвязняў, пры гэтым рэпрэсіі ў краіне не спыніліся, набыўшы латэнтны характар.
У снежні 2025 года Міністэрства фінансаў ЗША выдала генеральную ліцэнзію, якая дазволіла практычна ўсе раней забароненыя аперацыі з “Беларуськаліем“, БКК і яе даччынай украінскай кампаніяй Agrorozkvit. У сакавіку 2026-га амерыканскія ўлады выключылі ўсе тры арганізацыі з санкцыйнага спісу. Незадоўга да гэтага Лукашэнка па выніках чарговай сустрэчы з прадстаўнікамі Вашынгтона распарадзіўся вызваліць 250 вязняў.
Пасля гэтага з Вільнюса сталі паступаць супярэчлівыя сігналы: гучалі як заявы пра тое, што ЗША ціснуць на Літву з тым, каб тая разблакавала транзіт беларускага калію, так і пра тое, што ніякага ціску няма.
У траўні 2026 года прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа адназначна даў зразумець, што тэма угнаенняў з Беларусі закрытая датуль, пакуль дзейнічаюць адпаведныя санкцыі ЕС.
Праз некалькі месяцаў, у сярэдзіне ліпеня, Агульны суд Еўрапейскага саюзау адхіліў пазоў літоўскай кампаніі Birių krovinių terminalas (тэрмінал сыпкіх грузаў Клайпедскага порта; 30% акцый належаць беларускаму вытворцу калійных угнаенняў), якая аспрэчвала абмежаванні ЕС, якія перашкаджаюць у тым ліку транзіту беларускага калію праз Літву.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- ЭканомікаЗа тры кварталы звольнена на 5,3% работнікаў больш, чым прынята на працу (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаСярэдні кошт кватэр на першасным рынку жылля за год павялічыўся на 5,6%, другасным — на 13,6%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка


