Мінск 20:18

Брэсцкія мытнікі канфіскавалі аўтобус, увезены са змененым ідэнтыфікацыйным нумарам

Фота: ДМК

29 кастрычніка, Позірк. Аб адабранні ўвезенага ў Беларусь пасажырскага аўтобуса 2006 года выпуску коштам больш як 270 тыс. рублёў паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Паводле даных ведамства, у мытнікаў у Брэсце ўзніклі сумневы ў сапраўднасці ідэнтыфікацыйнага нумара аўтобуса. Экспертыза пацвердзіла, што нумар быў “наўмысна зменены”.

Як паведамляецца, падчас праверкі ўстаноўлена, што для ўвозу аўтобуса выкарыстоўвалі рэгістрацыйныя знакі і дакументы на аналагічную мадэль 1991 года выпуску, каб выдаць транспартны сродак за ўжо зарэгістраваны ў ЕАЭС.

Аўтобус забраны да рашэння суда. Пачаты адміністрацыйны працэс паводле ч. 2 арт. 15.1 КаАП (перамяшчэнне тавараў, якія падлягаюць мытнаму дэклараванню, праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза з утойваннем ад мытнага кантролю). Адзначаецца, што санкцыя артыкула прадугледжвае штраф да 30 базавых велічынь і канфіскацыю транспартнага сродку.

Падзяліцца: