Мінск 19:55

Мінскі 407-ы завод “актыўна ўключаны” ў вытворчасць дэталяў для расійскай авіяцыі — Мінтранс

29 кастрычніка, Позірк. Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі № 407 “актыўна ўключаны ў праграму авіябудавання”, якую рэалізуюць Беларусь і РФ, — у межах праграмы вырабляюцца дэталі зборачных адзінак для расійскіх самалётаў Ту-204, Ту-214, МС-21, “Суперджэт”. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі 29 кастрычніка дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Ігар Голуб.

“Заказы і аб’ёмы, якія закантрактаваныя расійскімі калегамі з нашым заводам, выконваюцца ў поўным аб’ёме, — адзначыў чыноўнік. — Літаральна нядаўна быў падпісаны яшчэ шэраг кантрактаў менавіта на вытворчасць партый дэталяў зборачных адзінак менавіта для гэтых новых самалётаў”.

Паводле слоў Голуба, завод “актыўна ўцягнуты ў гэтую праграму, актыўна выконвае тыя паказчыкі, якія яму даведзеныя”. У перспектыве, лічыць ён, могуць быць пашыраныя вытворчыя пляцоўкі прадпрыемства для нарошчвання вытворчасці.

Таму, падкрэсліў прадстаўнік Мінтранса, беларускі бок будзе “толькі дапамагаць і садзейнічаць расійскім калегам” у вытворчасці авіятэхнікі.

Раней Мінтранс паведамляў, што 407-ы завод і прадпрыемства “Авіастар” (Ульянаўск, РФ) заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве, якое прадугледжвае пастаўкі вузлоў і агрэгатаў для расійскіх самалётаў МС-21.

“На сённяшні дзень Мінскі завод № 407 і 558-ы авіяцыйны рамонтны завод (Баранавічы, Брэсцкая вобласць. — “Позірк”) ужо ажыццяўляюць пастаўку вузлоў і камплектуючых для самалёта Іл-76. Сёння мы падпісалі пагадненне аб пастаўках для самалёта МС-21, які збіраецца ў Іркуцкай вобласці, а вузлы і агрэгаты выпускаюцца ў нас на “Авіастары”, — адзначаў губернатар Ульянаўскай вобласці Аляксей Рускіх.

Рускіх мяркуе, што колькасць найменняў прадукцыі, якія будуць вырабляць у Беларусі для расійскіх авіяцыйных заводаў, “будзе толькі расці”.

Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі размешчаны на тэрыторыі нацыянальнага аэрапорта Мінск. У трэцюю гадавіну сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года прадпрыемства трапіла пад санкцыі Злучаных Штатаў Амерыкі.

Падзяліцца: