Мінск 19:05

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ шэсць чалавек

Фота: pixabay.com

29 кастрычніка, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць 29 кастрычніка прызнала палітвязнямі яшчэ шэсць чалавек.

Як вынікае з заявы, размешчанай на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна”, гэтыя людзі ўзятыя пад варту і асуджаныя да пазбаўлення волі “ў сувязі з узаемадзеяннем з “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” і ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў”.

Адпаведны статус атрымалі Таццяна Конюхава, Антон Макараў, Сяргей Белы, Павел Губенка, Сяргей Рыбалёў і Віктар Фёдараў.

Праваабаронцы традыцыйна запатрабавалі ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць згаданых і ўсіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дом правоў чалавека, “Прававая ініцыятыва”, Human Constanta і Lawtrend.

Паводле даных “Вясны”, у цяперашні час статус палітвязня ў Беларусі маюць 890 чалавек.

Падзяліцца: