Мінск 12:42

BySol адкрыў збор дапамогі анкахвораму экс-палітвязню Канстанціну Залатых

Канстанцін Залатых
Фота: BySol

29 кастрычніка, Позірк. Збор сродкаў для дапамогі экс-дырэктару рэдакцыі газеты “Белорусы и рынок“, былому палітвязню Канстанціну Залатых абвясціў 28 кастрычніка фонд салідарнасці BySol.

У яго дыягнаставана анкалагічнае захворванне.

“18 траўня 2022 года ў рэдакцыю і да мяне дадому з ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі КДБ, — адзначае 57-гадовы Залатых у апісанні збору. — Мяне затрымалі і прад’явілі абвінавачванні па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (абраза прэзідэнта), ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці або варажнечы), ч. 1 арт. 427 (службовы падлог). Справа была сфабрыкаваная і насіла відавочна палітычна матываваны характар. Крымінальны пераслед быў наўпрост звязаны з маёй прафесійнай дзейнасцю як журналіста і кіраўніка незалежнага СМІ”.

Праваабаронцы прызналі Залатых палітвязнем. Ён быў унесены ўладамі ў спісы “экстрэмістаў“ і “тэрарыстаў“.

Год і два месяцы менеджар правёў у сталічным СІЗА МУС №1, якое на той момант знаходзілася на вул. Валадарскага ў гістарычным цэнтры горада (цяпер у Калядзічахпад Мінскам), а пасля вынясення прысуду быў этапаваны ў папраўчую калонію № 1 (Наваполацк, Віцебская вобласць).

“Агулам 65 дзён мяне трымалі ў ШІЗА, наўмысна падвяргаючы катаванням холадам. Падчас зняволення было практычна немагчыма атрымаць прафесійную медыцынскую дапамогу. Свой тэрмін я адбыў да канца і выйшаў на волю 23 кастрычніка 2025 года”, — піша Залатых.

Пасля вызвалення ён уз’яднаўся з сям’ёй, якая была вымушаная з’ехаць у Польшчу. “Мы спадзяваліся пачаць жыццё зноўку, — адзначыў былы палітвязень. — Аднак падчас медыцынскага абследавання ў мяне выявілі шэраг захворванняў, у тым ліку рак ныркі. У верасні бягучага года была прызначаная складаная органосохраняющая аперацыя. Аднак кансіліум адмяніў яе перад самым пачаткам — пухліна знаходзіцца ўнутры ныркі, і рызыка страты органа была занадта вялікая“.

Паводле слоў Залатых, яго чакаюць новыя абследаванні, пасля якіх лекары змогуць вызначыцца з далейшым лячэннем.

“Акрамя анкалагічнага захворвання, я маю і іншыя праблемы са здароўем, якія сталі вынікам зняволення, — дадае ён. — Ёсць кардыялагічныя расстройствы, пашкоджанні сасудаў ног патрабуюць аперацыі“.

Лячэнне і неабходныя лекі ў Польшчы “даюць бясплатна“, таму ён просіць дапамогі не на аплату медпаслуг: “Праблема ў тым, што цяпер з-за хваробы, шпіталізацыі і пастаянных абследаванняў я не магу паўнавартасна забяспечваць сям’ю. Пасля зняволення, вымушанага пераезду і ўсяго перажытага ў нас практычна не засталося грошай. Кожны месяц трэба плаціць за кватэру, купляць прадукты і пакрываць паўсядзённыя выдаткі сям’і“.

Сума збору складае 4,5 тыс. еўра: з дапамогай 3 тыс. плануецца часова пакрыць кошт арэнды жылля і камунальных плацяжоў, 900 — паездак на дыягностыку і меркаваную аперацыю ў Вроцлаў; 600 — пойдзе на набыццё прадуктаў, неабходныя бытавыя выдаткі і іншыя выдаткі сям’і на працягу трох месяцаў.

У пачатку траўня запытаныя для захварэлай на рак музыкі, кіраўніка “Вольнага хору” Галіны Казіміраўскай 8,5 тыс. еўра былі ахвяраваныя за суткі. У канцы верасня яна паведаміла, што ачуняла.

Падзяліцца: