Мінск 17:16

У Гродзенскай вобласці двух супрацоўнікаў Транспартнай інспекцыі абвінавачваюць у вымагальніцтве і хабарніцтве

Ілюстрацыйнае фота: Bermix Studio / unsplash.com

29 кастрычніка, Позірк. У Гродзенскай вобласці ў суд накіравана крымінальная справа двух супрацоўнікаў рэгіянальнага аддзялення Транспартнай інспекцыі (ТІ), паведамляе Генеральная пракуратура.

Фігуранты абвінавачваюцца ў “атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры групай асоб паводле папярэдняй змовы, спалучаным з вымагальніцтвам”, адзначае ведамства.

Згодна з матэрыяламі справы, у сакавіку 2026 года 23-гадовы спецыяліст і 38-гадовы вядучы спецыяліст ТІ “дамовіліся атрымаць незаконнае ўзнагароджанне ад кіраўніцтва камерцыйнай арганізацыі, дзе праводзілася мерапрыемства тэхнічнага характару”.

У красавіку яны сустрэліся з намеснікам дырэктара арганізацыі і запатрабавалі грошы.

Паводле версіі следства, яны пагражалі “павялічыць у акце праверкі суму шкоды аўтамабільным дарогам агульнага карыстання ад праезду цяжкавагавага і буйнагабарытнага транспарту прыкладна з 200.000 да 400.000 рублёў”. У выніку сума незаконнага ўзнагароджання за “неправядзенне праверачных мерапрыемстваў у поўным аб’ёме і мінімізацыю фінансавых наступстваў” склала 50 тыс. рублёў. Грошы, як сцвярджаецца, перадаваліся дзвюма роўнымі часткамі — па 25.000 рублёў.

Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару). Мужчыны знаходзяцца пад вартай.

За першыя шэсць месяцаў 2026 года на 12,5% павялічылася колькасць асуджаных за карупцыйныя злачынствы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га, вынікае са статыстыкі Вярхоўнага суда. Усяго за гэты перыяд за карупцыю асуджаныя 342 чалавекі (у студзені — чэрвені 2025 года — 304).

Часцей за ўсё прысуды выносіліся паводле спраў аб хабарніцтве (арт. 430 КК) — 150 (93), за атрыманне хабару асуджаны 21 чалавек (12).

Падзяліцца: