Мінск 17:14

У Віцебску заведзена справа пра надбаўкі чыноўніку за хірургічныя аперацыі, на якіх ён не быў

Ілюстрацыя: Gustavo Fring / pexels.com

29 кастрычніка, Позірк. На аднаго з кіраўнікоў галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскай вобласці заведзена справа паводле ч. 1 арт. 210 Крымінальнага кодэкса (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), паведамляе Генеральная пракуратура са спасылкай на пракуратуру Віцебскай вобласці.

Чыноўнік, як сцвярджаецца, атрымліваў аплату за хірургічныя аперацыі, на якіх не прысутнічаў.

Згодна з матэрыяламі справы, фігурант быў працаўладкаваны па сумяшчальніцтве на чвэрць стаўкі хірургам у адной з бальніц Віцебска. Са студзеня 2025 года да студзеня 2026-га, выкарыстоўваючы службовыя паўнамоцтвы, ён “даваў незаконныя ўказанні” кіраўніцтву аддзялення клінікі і іншым службовым асобам “уносіць заведама ілжывыя звесткі” пра яго ўдзел у высокатэхналагічных аперацыях у якасці асістэнта, каб атрымліваць надбаўку.

Пракуратура ацаніла скрадзенае ў медыцынскай установы ў 3.700 рублёў.

Крымінальная справа накіравана ва ўпраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці.

7 кастрычніка паведамлялася пра прысуд былому сталічнаму чыноўніку, які атрымліваў грошы, будаўнічыя матэрыялы і бясплатныя паслугі за садзейнічанне закупкам абсталявання ўстановамі аховы здароўя. Паводле версіі абвінавачання, сума хабараў перавысіла 40 тыс. рублёў. Фігурант быў асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі. Яго імя і пасада не называліся, пры гэтым ён быў пазбаўлены звання маёра медыцынскай службы запасу.

Паводле неафіцыйных даных, гаворка ідзе пра былога кіраўніка камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ігара Юркевіча.

Падзяліцца: