Мінск 18:44

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 14 чалавек, агульная колькасць людзей з гэтым статусам перавысіла 900

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

10 верасня, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць 10 верасня прызнала палітвязнямі яшчэ 14 чалавек, вынікае з сумеснай заявы, апублікаванай, у прыватнасці, на сайце цэнтра “Вясна”. Цяпер у спісе гэтай арганізацыі 902 чалавекі з такім статусам.

Заява прынятая ў сувязі з “новымі выпадкамі асуджэння і пазбаўлення волі грамадзян краіны” за “дзеянні, скіраваныя на правамерную рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў”.

Адзначаецца, што праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра пазбаўленне волі за “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, абразу прадстаўнікоў улады і А. Лукашэнкі, іншыя формы мірнай рэалізацыі свабоды меркавання” Сяргея Валодзькі, Ірыны Дручынінай, Уладзіміра Карчэўнага, Арыстарха Крукоўскага, Дзмітрыя Лаеўскага, Георгія Максіменкава, Дзмітрыя Юрана.

Палітвязнямі таксама прызнаныя Данііл Быкаў і Максім Дзямчук, асуджаныя паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 293 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэкса.

Такі ж статус нададзены Антону Барысенку, Таццяне Веціорац, Сяргею Высоцкаму, Глебу Ганчарову і Максіму Хвеську — узятым пад варту і прыгавораным да пакарання, “звязанага з пазбаўленнем волі, у сувязі з узаемадзеяннем з “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” і ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў”.

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў неадкладна вызваліць гэтых людзей і ўсіх палітвязняў, а таксама зрабіць захады па дэкрыміналізацыі дыфамацыйных правапарушэнняў і скасаванні артыкулаў КК, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы і службовых асоб, знявагу дзяржаўных сімвалаў.

Апрача “Вясны” дакумент падпісалі “Прававая ініцыятыва”, Lawtrend, Беларускі ПЭН, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Да трох гадоў пазбаўлення волі прыгавораны юрыст Дзмітрый Лаеўскі — былы адвакат Бабарыкі і Знака

9 верасня, Позірк. Мінскі гарадскі суд 9 верасня прыгаварыў да трох гадоў пазбаўлення волі юрыста Дзмітрыя Лаеўскага, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна" са спасылкай на адваката Яўгена Пыльчанку. Адзначаецца, што пасля вынясення прыгавора Лаеўскі быў узяты пад варту ў зале суда. …
Падзяліцца: