Мінск 15:30

Па “справе Беларускага Гаюна” асуджана не менш за 234 чалавекі — праваабаронцы

Ілюстрацыя: тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн"

9 верасня, Позірк. Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што валодае інфармацыяй як мінімум пра 234 пацверджаных асуджаных па “справе Беларускага Гаюна” (маніторынг ваеннай актыўнасці ў Беларусі, у тым ліку расійскай арміі).

Адзначаецца, што агульная колькасць фігурантаў гэтай справы значна большая, затрыманні дагэтуль адбываюцца па ўсёй Беларусі.

Паводле звестак “Вясны”, з пачатку года ў “спіс экстрэмістаў” МУС дададзена 526 чалавек, асуджаных за “садзейнічанне экстрэмізму”. Пераважная большасць з гэтых людзей праходзяць менавіта па “справе Беларускага Гаюна”. У асноўным фігурантам справы прызначаюць абмежаванне волі па месцы жыхарства (так званую “хатнюю хімію”), аднак вядомыя і выпадкі, калі людзей пазбаўляюць волі.

Ране “Вясна” паведамляла, што некаторым фігурантам справы прапануецца спыніць крымінальны пераслед у абмен на “добраахвотныя ахвяраванні” на карысць дзяржструктур.

Праект “Беларускі Гаюн” быў створаны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.

“Мы не ведаем, які аб’ём даных мог быць выпампаваны за той час, пакуль у іншага акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй”, — заяўляў тады заснавальнік праекта блогер Антон Матолька.

Ён папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. Некаторыя з іх эмігравалі.

У чэрвені мінулага года Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі за “шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці”.

Падзяліцца: