Мінск 21:10

Рассельгаснагляд не прапусціў прадукцыю беларускага прадпрыемства “Вялес-Міт”, раней злоўленага на парушэннях

10 верасня, Позірк. Пра забарону на ўвоз партыі свіных субпрадуктаў, вырабленых беларускім прадпрыемствам “Вялес-Міт” (Маладзечна, Мінская вобласць), паведаміла 10 верасня прэс-служба Паўночна-Заходняга ўпраўлення Федэральнай службы РФ па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Адзначаецца, што 20,2 тоны свіных галоў спрабавалі правезці праз пункт пропуску Лабок (з беларускага боку — Езярышча), хоць раней Рассельгаснагляд абмежаваў пастаўкі прадукцыі гэтага прадпрыемства. Груз прызначаўся атрымальніку з Растова-на-Доне.

Тавар вернуты на тэрыторыю Беларусі.

Пра часовае абмежаванне на ўвоз і транзіт па РФ мясной прадукцыі ад “Вялес-Міт” стала вядома напрыканцы ліпеня. Прычынай паслужыла выяўленне дзвюх партый свінога шпіку (агулам 43,6 т), якія транспартаваліся транзітам на адрас казахстанскага прадпрыемства — на падставе падробленага ветэрынарнага сертыфікату. Супрацоўнікі ведамства ўсумніліся ў паходжанні сыравіны, якая, як дапамог высветліць беларускі бок, паступіла меркавана з Даніі.

Рассельгаснагляд звярнуўся ў Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі з просьбай прыпыніць з 28 ліпеня ветэрынарную сертыфікацыю прадуктаў ТАА “Вялес-Міт” пры пастаўках у Расію ды іншыя краіны ЕАЭС — да правядзення праверкі па парушэннях.

Праз паўторна выяўленыя неадпаведнасці патрабаванням і нормам РФ і тэхрэгламентаў ЕАЭС Рассельгаснагляд таксама часова абмежаваў транзіт па тэрыторыі краіны ўсіх відаў мясной прадукцыі “Вялес-Міт”.

Падзяліцца: