Мінск 12:09

Ціханоўская заклікала краіны Захаду не мяняць палітыку ў дачыненні да Беларусі пасля выбараў

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

20 лістапада, Позірк. Палітыка заходніх краін у дачыненні да Беларусі не павінна змяніцца пасля прэзідэнцкіх выбараў, заявіла Святлана Ціханоўская на мерапрыемстве Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) у Вене 20 лістапада.

У сустрэчы ўдзельнічалі дыпламаты, якія прадстаўляюць дзяржавы — члены АБСЕ, а таксама члены груп за дэмакратычную Беларусь у нацыянальных парламентах.

“26 студзеня Лукашэнка правядзе так званыя “выбары”, на якіх не будзе ні кандыдатаў, ні падліку галасоў, ні назіральнікаў. Былыя кандыдаты застаюцца ў турме, як і тысячы іншых беларусаў. Сотні тысяч грамадзян у выгнанні і пазбаўленыя выбарчых правоў”, — цытуе палітыка яе прэс-служба.

Выбарчую кампанію яна назвала фарсам.

Падрыхтоўка да сёмых прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 26 студзеня 2025 года, адбываецца пад поўным кантролем уладаў, палітычнае поле краіны зачышчана ад актыўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.

Падзяліцца: