Мінск 06:52

Знойдзеных у гарах беларускіх альпіністак выпісалі з турэцкай бальніцы — СМІ

Фота: kayseriilkhaber.com

21 лістапада, Позірк. Беларускія сёстры-альпіністкі Валянціна і Марыя Іванковы выпісаныя з бальніцы, паведамляе турэцкае выданне Kayseri Ilkhaber.

Адзначаецца, што беларускі “затрымаліся ў гарах праз снегапад і знаходзіліся ў намёце”. Праз гэта яны “прастудзіліся” і былі дастаўленыя ў медустанову “ў мэтах прафілактыкі”.

Беларускі былі знойдзеныя 20 лістапада ў межах правінцыі Кайсэры (цэнтр Турцыі). Пра гэта паведаміў на старонцы ў сацсетцы Х губернатар адміністрацыйнай адзінкі Гёкмен Чычэк. Зніклі яны ў суседняй правінцыі Нігдэ.

Раней паведамлялася, што падчас пошукавых работ, якія праходзілі 20 лістапада, знайсці іх не ўдалося.

Адзначалася, што “каманды ратавальнікаў, якія адчувалі цяжкасці ў пошуку з-за таўшчыні снегу, месцамі дасягалай 60 сантыметраў, былі знятыя з месца на верталёце і дастаўлены ў навучальны цэнтр лагера Дэмірказік”.

Пошукі планавалася працягнуць 21 лістапада.

Пра знікненне ў Турцыі сясцёр-блізнят з Беларусі стала вядома днём 19 лістапада. Інфармацыю пра здарэнне пацвердзіў МЗС Беларусі. Паводле даных беларускага консульства ў Турцыі, дзяўчаты прыбылі ў правінцыю Нігдэ з Анкары 15 лістапада, каб заняцца альпінізмам, але з 18 лістапада, калі яны павінны былі вярнуцца ў турэцкую сталіцу, ад іх не паступіла ніякіх вестак.

У першы дзень пошукавых работ (19 лістапада) у іх прымалі ўдзел чатыры чалавекі з пошукава-выратавальнай групы жандармерыі і 10 чалавек з упраўлення па надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў МУС Турцыі.

Падзяліцца: