Мінск 00:55

Апублікаваны Мінінфармам спіс “шкоднасных” выданняў адкрывае кніга “Нарысы гісторыі Беларусі”

22 лістапада, Позірк. Кніга “Нарысы гісторыі Беларусі (1795–2002)”, якая выйшла ў свет у 2003 годзе ў мінскім выдавецтве “Энцыклапедыкс”, адкрывае апублікаваны Міністэрствам інфармацыі “Спіс друкаваных выданняў, што ўтрымліваюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”.

Аўтарства не пазначанае, але, верагодна, гаворка пра кнігу гісторыка Захара Шыбекі, выдадзенай у тым жа выдавецтве ў акрэслены год.

Наступныя дзве пазіцыі ў спісе з 35 пунктаў таксама займаюць кнігі на гістарычную тэматыку: “Таямніцы беларускай гісторыі” Вадзіма Дзеружынскага і “На скрыжалях вякоў: гістарычныя творы” Кастуся Цвіркі.

Пераважная большасць іншых уключаных у пералік кніг выдадзеная ў Маскве. У спіс таксама ўключана сем серый кніг.

Пра стварэнне згаданага пераліку Мінінфарм абвясціў 21 лістапада, спасылаючыся на заключэнне Рэспубліканскай камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі. Ведамства заявіла, што “ўсе гэтыя выданні здольныя нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам” Беларусі.

Адзначалася, што ў выпадку выяўлення фактаў распаўсюду гэтых друкаваных выданняў Мінінфарм будзе пазбаўляць аб’екты гандлю пасведчанняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

На пашыраным пасяджэнні згаданай камісіі ў той жа дзень міністр інфармацыі Марат Маркаў заявіў пра масавае паступленне ў Беларусь з Расіі “вялікай колькасці літаратуры”, якая “можа быць аднесеная да экстрэмісцкай”, “супярэчыць нацыянальным інтарэсам”.

Чыноўнік падкрэсліў, што на сёння спіс “экстрэмісцкіх і супярэчных інтарэсам краіны” матэрыялаў утрымлівае каля 7 тыс. пазіцый.

“І гэты спіс, на жаль, увесь час папаўняецца. І я спадзяюся на тое, што ў бліжэйшы час будуць прынятыя і ў нашай краіне пэўныя нарматыўныя дакументы, якія дазволяць крыху ачысціцца ад той літаратуры, якая свядома ўкідваецца ў беларускае грамадства з мэтай расхіствання нашых сапраўды спрадвечных, нацыянальных асноў і размывання нашых інтарэсаў”, — заявіў кіраўнік ведамства.

13 лістапада Мінінфарм запатрабаваў ад распаўсюджвальнікаў выключыць з продажу друкаваныя выданні, якія наносяць “шкоду нацыянальным інтарэсам”. Пры гэтым ведамства заявіла, што аб’екты гандлю павінны “самастойна правесці рэвізію друкаваных выданняў” для наступнага карэктавання асартыменту.

Да “шкодных” Мінінфарм аднёс “друкаваныя выданні, што скажаюць гістарычную праўду і справядлівасць, прапагандуюць нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны, рэлігійную нецярпімасць, гвалт, жорсткасць і парнаграфію, якія распальваюць варожасць і нянавісць, папулярызуюць нетрадыцыйныя для беларускага грамадства субкультуры, а таксама выданні аб палавым выхаванні дзяцей, здольныя ўчыніць негатыўны ўплыў на іх фізічнае і псіхічнае развіццё, сказіць уяўленне пра сапраўдныя сямейныя каштоўнасці”.

15 кастрычніка намеснік старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Вячаслаў Данілавіч заявіў на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, што прадстаўленая ў беларускіх кнігарнях гістарычная літаратура “павінна адпавядаць нашай дзяржаўнай гістарычнай”.

Мастацкая і гістарычная літаратура ўвесь час папаўняе “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”, які вядзе Мінінфарм.

15 кастрычніка стала вядома, што ў яго было ўключана навукова-папулярнае друкаванае выданне “Ластоускi В. Выбраныя творы: / Уклад., прадмова i каментар Я. Янушкевiча – Мн.: “Беларускi кнiгазбор”, 1997, 512 с.”. Рашэнне аб прызнанні кнігі экстрэмісцкімі матэрыяламі прыняў суд Баранавіцкага раёна і Баранавічаў (Брэсцкая вобласць).

Варта адзначыць, што раней у спіс ужо ўносілі выданне твораў гэтага гісторыка і дзеяча беларускага адраджэння, выпушчанае ў 1997 годзе. 30 красавіка 2024 года адпаведнае рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Кнігі адрозніваюцца толькі колькасцю старонак і некаторымі арфаграфічнымі нюансамі ў назве.

Напрыканцы жніўня ў спіс уключаныя тры кнігі гісторыка Ігара Мельнікава. 13 верасня мужчыну прыгаварылі да 4 гадоў пазбаўлення волі за інтэрв’ю “Еўрарадыё”, якое на той момант не было прызнанае “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

У чэрвені ў спіс уключана прадмова літаратуразнаўца Іосіфа (Язэпа) Янушкевіча да двухтомніка “Драматычныя творы, вершаваныя аповесці і апавяданні / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”. Творы ў зборніку напісаныя меркавана ў 1861 годзе — незадоўга да паўстання Кастуся Каліноўскага (1863–1864 гг.). Яны прысвечаныя барацьбе за вызваленне беларусаў ад расійскага імперскага ўплыву.

У 2022 годзе ўлады прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кнігу Віктара Ляхора “Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры”, зборнік артыкулаў “Беларусь на ростанях” і кнігу “Кароткі курс гісторыі Беларусі IX — XXI стст” пад рэдакцыяй Анатоля Тараса, кнігу Змітра Лукашука і Максіма Гарунова “Беларуская нацыянальная ідэя”.

Падзяліцца: