Мінск 19:29

Беларусь і “Расатам” пашыраць супрацу па “атамных неэнергетычных і неатамных праектах”

Прэм'ер Беларусі Раман Галоўчанка і гендырэктар "Расамтома" Аляксей Ліхачоў на сустрэчы ў Мінску (26 лістапада 2024 года)
Скрыншот: відэаматэрыял прэс-службы Савета міністраў

26 лістапада, Позірк. Дадатак да “комплекснай праграмы расійска-беларускай супрацы ў галіне атамных неэнергетычных і неатамных праектаў” будзе падпісаны 28 лістапада, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ў Доме ўрада на сустрэчы з генеральным дырэктарам дзяржкарпарацыі “Расатам” Аляксеем Ліхачовым.

Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзіць прэс-служба Савета міністраў, з папярэдніх перагавораў з Ліхачовым сёлета ў траўні ў Мінску “праведзена вялікая праца па ўзгодненых кірунках у адпаведнасці з дакументам, які вызначае новыя галіны супрацы: квантавыя тэхналогіі, распрацоўка сумеснага праграмнага забеспячэння, радыяцыйная медыцына, цыфравізацыя, аўтамабілебудаванне і гэтак далей”.

У сваю чаргу кіраўнік “Расатама” заявіў, што для расійскай дзяржкарпарацыі “быў і застаецца флагманскім праект Беларускай АЭС”. “Станцыя працуе ў штатным рэжыме, — сказаў ён. — Без малога 38 мільярдаў кілават-гадзін [электраэнергіі] выпрацавана. Мы будавалі АЭС як сабе і робім зараз усё для далейшай эксплуатацыі”.

Паводле слоў Ліхачова, вынікам рэалізацыі “сумеснага вялікага праекта” стала тое, што “беларускія адмыслоўцы працуюць на атамных будоўлях у Расіі і іншых краінах — Бангладэш, Турцыі, Егіпце, Венгрыі”. “Гэтыя будоўлі мы ўжо не можам сабе ўявіць без нашых беларускіх партнёраў. Кампетэнцыі беларускіх кампаній, якія прайшлі школу Астраўца, запатрабаваныя”, — сцвярджае расійскі госць.

Кіраўнік “Расатама” пацвердзіў, што супраца дзяржкарпарацыі з Беларуссю пашыраецца за кошт “атамных неэнергетычных і неатамных” кірункаў.

“На пачатку года была падпісаная комплексная праграма, у траўні мы вам паведамілі пра яе выкананне, быў прыняты шэраг рашэнняў, і сёння мы маем магчымасць абмеркаваць вынікі, — сказаў ён. — Яны ўжо маюцца — у практычных сертыфікаваных прадуктах, заключаных кантрактах, запушчаных праектах. Пашырэнне гэтых кірункаў у дадатак да комплекснай праграмы таксама падрыхтаванае і ўзгодненае з урадам Беларусі”.

23 траўня Ліхачоў на сустрэчы з Галоўчанкам заявіў, што Беларусь і “Расатам” маюць намер рэалізаваць шэраг сумесных праектаў “прамысловай накіраванасці”.

“Сёння мы разглядаем каля 40 праектаў па-за ядзернай сферай. Яны ў рознай ступені гатоўнасці, у рознай ступені сталасці, але кожны з іх, рана ці позна, ператворыцца ў прывабны прамысловы, вытворчы праект з новымі працоўнымі месцамі, з новымі падатковымі паступленнямі і з далейшым развіццём кампетэнцый, у тым ліку з магчымасцю паставак у трэція краіны”, — сказаў ён.

Збудаванне Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася ўвосень 2023 года. Станцыя пабудавана паводле расійскага праекта, пераважна за кошт крэдыту РФ, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”.

Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзены ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

З 1 красавіка 2024 года Беларусь мусіць пагашаць расійскі крэдыт на будаўніцтва электрастанцыі. Летась улады РФ перанеслі на год тэрмін пачатку пагашэння асноўнага доўгу, валюта плацяжоў была зменена з долараў на расійскія рублі.

Беларусь абавязалася вярнуць запазычаныя сродкі 30 роўнымі долямі, выплаты павінны здзяйсняцца кожныя паўгода. Ці пачаў Мінск аддаваць доўг, невядома.

Паводле ацэнкі “Расатама” на БелАЭС было выдаткавана 5,36 млрд долараў.

Падзяліцца: