Мінск 22:30

Беларусы могуць падавацца на польскую візу ў Грузіі без легалізацыі знаходжання ў гэтай краіне — Латушка

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

29 лістапада, Позірк. Грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца ў Грузіі, маюць права падаць заяўку на польскую візу толькі на падставе самога факту знаходжання на тэрыторыі краіны (на працягу не менш за 6 месяцаў) без неабходнасці легалізацыі свайго знаходжання.

Такая інфармацыя, як паведаміў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўла Латушка, змяшчаецца ў лісце МЗС Польшчы, які ён атрымаў у адказ на свой запыт аб садзейнічанні пры звароце ў выдачы гуманітарных польскіх віз беларусам у Грузіі.

Латушка адзначыў, што запыт быў накіраваны ім у сувязі з “зменай сацыяльна-палітычнай сітуацыі у Грузіі”, якая “да нядаўняга часу ўспрымалася як адносна бяспечны прытулак” для беларусаў, якія пакінулі краіну ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі і пераследам з боку рэжыму Лукашэнкі.

Таксама, адзначыў Латушка, МЗС Польшчы паведаміў, што “ўкараніў асаблівыя меры для аператыўнай выдачы гуманітарных віз сябрам беларускай апазіцыі ў сувязі з сітуацыяй у Грузіі, а таксама для бягучага абслугоўвання грамадзян Беларусі, уцягнутых у прадэмакратычную дзейнасць і якія імкнуцца ўехаць у ЕС”.

“Мы ўдзячныя польскім уладам за садзейнічанне грамадзянам Беларусі, якія пераследуюцца рэжымам Лукашэнкі. Важна, каб беларусы маглі разлічваць на атрыманне польскай візы, асабліва ў выпадках, калі яны церпяць палітычны пераслед з боку рэжыму Лукашэнкі і іх жыццю пагражае рэальная небяспека”, — адзначыў Латушка.

14 лістапада беларуская дыяспара ў Грузіі пачала маніторынг рэалізацыі ў краіне права на палітычны прытулак у дачыненні да грамадзян Беларусі. Паводле інфармацыі праваабаронцы, намесніка старшыні арганізацыі “Беларуская дыяспара Аджарыі” Рамана Кісляка, вядома прыкладна пра 20 адмоваў беларусам у прытулку, і гэта “досыць шмат”, бо агулам блізу 60 суайчыннікаў падаліся на атрыманне гэтага статусу ў Грузіі.

Падзяліцца: