Мінск 22:00

За два тыдні ў Беларусі зарэгістравана больш за 500 галалёдных і халадовых траўм

Ілюстрацыйнае фота: wirestock / freepik.com

3 снежня, Позірк. З 21 лістапада ў Беларусі зарэгістравана 546 галалёдных і халадовых траўм, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Больш за ўсё пацярпелых у Гомельскай вобласці — 336 (галалёдную траўму атрымала 333, халадовую — 3), шпіталізавана 32 чалавекі.

Менш за ўсё пацярпелых — 10 — зарэгістравана ў Мінскай вобласці (8, 2), у бальніцы апынулася 6 чалавек.

У Брэсцкай вобласці 67 пацярпелых (62, 5), Магілёўскай — 58 (51, 7), Гродзенскай — 51 (46, 5), Віцебскай — 19 (15, 4).

У Мінску галалёдную траўму атрымала 5 чалавек, шпіталізаваных няма.

Мінздароўя заклікае быць асцярожнымі і нагадвае, што “патэнцыйна траўманебяспечнымі месцамі ў перыяд галалёду з’яўляюцца прыступкі пад’ездаў, падземных пераходаў, у тым ліку метрапалітэна, прыпынкі грамадскага транспарту, горкі”.

Паводле прагнозу Белгідрамета, 3 снежня тэмпература паветра ў Беларусі складзе ад 0 да 4 градусаў цяпла. Аднак 4 снежня на асобных участках дарог краіны чакаецца галалёдзіца.

Падзяліцца: