Мінск 02:56

Ідэолаг Мінабароны заявіў аб спробах апанентаў улады “ўздзейнічаць на маці вайскоўцаў”

Фота: "Ваяр"

4 снежня, Позірк. Аб “цынічных спробах апанентаў уздзейнічаць на сітуацыю ў краіне праз маці беларускіх вайскоўцаў” заявіў памочнік міністра абароны па ідэалагічнай працы ва Узброеных сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны Леанід Касінскі.

Як паведамляюць дзяржСМІ, 4 снежня ідэолаг выступіў перад “актывам Гомельскай вобласці”.

Адзначаецца, што асноўнай тэмай сустрэчы Касінскага з “прадстаўнікамі мясцовых органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, прадпрыемстваў і арганізацый” стала “забеспячэнне нацыянальнай бяспекі ва ўмовах глабальных выклікаў”.

Як менавіта “апаненты” ўздзейнічалі на маці вайскоўцаў, прадстаўнік Мінабароны не ўдакладніў.

Удзельнікаў сустрэчы ён назваў “аднапалчанамі”, заявіўшы: “Усе мы сёння з’яўляемся салдатамі на полі бою развязанай супраць нас інфармацыйнай вайны”.

“Кожны жыхар нашай краіны павінен разумець, што галоўная задача, якую паставіў перад намі галоўнакамандуючы, — забяспечыць мір на беларускай зямлі. Натуральна, гэтая задача будзе выканана, чаго б нам гэта ні каштавала. Мабыць, ад выканання гэтай задачы будзе залежаць і астатні спектр усіх складнікаў нацыянальнай бяспекі, таму што, калі не будзе мірнага неба над нашай краінай, мусіць, не будзе нічога», – сказаў Касінскі.

Паводле яго слоў, “кожны чалавек павінен крытычна ставіцца да патокаў інфармацыі”, бо “сёння, на жаль, вельмі шмат фэйкаў і няпраўды”. “Гомельская зямля — адзін з аб’ектаў уздзеяння нашых ворагаў у межах іх спроб дэстабілізацыі абстаноўкі”, — адзначыў прадстаўнік ведамства.

Цяпер, дадаў ён, “інфармацыйны ціск” на Беларусь “узмацняецца ў сувязі з распачатай электаральнай кампаніяй”.

“Як ваенны чалавек” ён заклікаў “усіх быць спакойнымі і не кіравацца эмоцыямі, а ацэньваць сітуацыю, атрымліваючы інфармацыю з кампетэнтных крыніц”. “А калі нехта атрымлівае яе з нейкіх іншых крыніц, то [трэба] вельмі ўважліва падыходзіць да яе ацэнкі і глядзець, каб тыя эмоцыі, на якія спрабуюць вывесці людзей, не згулялі на шкоду. Трэба дакладна разумець, хто супраць нас ваюе і якіх мэт ён хоча дасягнуць, і з гэтага пункту гледжання ацэньваць любую інфармацыю”, — заявіў ідэолаг.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных за імі пратэстаў улады дэ-факта забаранілі і крыміналізавалі працу ў краіне недзяржаўных грамадска-палітычных СМІ.

Рэдакцыі працягваюць дзейнасць з-за мяжы, медыякантэнт блакуецца і масава прызнаецца “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, самі рэдакцыі – “экстрэмісцкімі фармаваннямі”.

У няволі ў Беларусі знаходзіцца 36 супрацоўнікаў СМІ.

Ідэалагічнай працай улады называюць распаўсюджванне дзяржаўнай прапаганды. Гэтым займаюцца ідэолагі — такая штатная адзінка ёсць у міністэрствах, ведамствах, іншых дзяржустановах, на прадпрыемствах і інш.

Падзяліцца: