Мінск 13:49

У перыяд святаў паміж Беларуссю і РФ будуць курсіраваць больш за 30 дадатковых цягнікоў

Фота: Мінтранс

8 снежня, Позірк. Больш за 30 дадатковых цягнікоў будуць курсіраваць паміж Беларуссю і Расіяй у навагоднія і калядныя святы, паведамляе Міністэрства транспарту і камунікацый.

Паводле слоў начальніка пасажырскай службы Беларускай чыгункі Аляксандра Захарэвіча, цяпер маецца “актыўны попыт на пасажырскія перавозкі паміж Мінскам і Масквой, Санкт-Пецярбургам”.

Дадатковыя цягнікі будуць арганізаваныя як БЧ, так і Расійскімі чыгункамі, сказаў Захарэвіч.

“Гэтая лічба не канчатковая, паколькі напрамкі запатрабаваныя грамадзянамі дзвюх краін”, — дадаў ён.

На навагоднія святы ў беларускіх санаторыях плануе адпачыць больш за 24 тыс. чалавек, амаль палова з іх — замежныя грамадзяне, заявіў на прэс-канферэнцыі 5 снежня ў Мінску дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

“Паводле нашых прагнозаў, мы выйдзем на самую вялікую за ўсю гісторыю колькасць замежных турыстаў, гэта значыць, перавысім лепшую лічбу 2019 года, якая была на ўзроўні 240 тыс. Рост ад выручкі чакаецца больш чым на 20%”, — паведаміў Балбатоўскі.

Ён падкрэсліў, што забраніравана 99% месцаў, санаторыі будуць працаваць з поўнай загрузкай (на студзень 2025 года забраніравана ўжо 70% месцаў, на люты — больш за 50%).

Сярэдні кошт пуцёўкі ў чацвёртым квартале гэтага года — 115 рублёў на чалавека ў дзень пры размяшчэнні ў стандартным двухмесным нумары. Сярэдняя цана па 2024 годзе ў цэлым складзе 110 рублёў (у 2023-м — 92; +19,5%). Павышэнне коштаў на 2025 год плануецца максімум на 5%, сказаў Балбатоўскі.

Раней “Позірк” паведамляў, што ў 2023 годзе ў беларускіх санаторыях адпачыла 217,5 тыс. замежнікаў — на 15,5% больш, чым у 2022-м. Пераважная большасць замежных гасцей — 95% — расіяне.

Напаўняльнасць санаторыяў за 2023 год склала 84,1%, аздаравілася 1 млн 483 тыс. чалавек (у 2022-м — 1 млн 400 тыс.).

Падзяліцца: