Мінск 13:51

Прадстаўляць Беларусь як дзяржаву на міжнародных мерапрыемствах стане магчымай толькі пасля адбору ўладамі

9 снежня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 9 снежня падпісаў указ № 459, які вызначае парадак прадстаўлення Беларусі на міжнародным мерапрыемстве з “вызначэннем краінавага пераможцы”, дзе прадугледжаны ўдзел адной асобы або адной групы (дэлегацыі, каманды, калектыву).

Згодна з дакументам, апублікаваным прэс-службай падпісанта, з 1 сакавіка 2025 года прадстаўляць дзяржаву на такіх мерапрыемствах можна толькі пасля праходжання адбору (калі прадугледжана заканадаўствам); накіравання дзяржаўным органам або ўпаўнаважанай арганізацыяй; апавяшчэння адпаведнага рэгуляторнага дзяржоргана. Гэты ўпаўнаважаны орган мае права прызнаць недапушчальным удзел у міжнародным мерапрыемстве таго ці іншага прэтэндэнта на прадстаўленне Беларусі.

У той жа час вызначана, што словы “Рэспубліка Беларусь”, “Беларусь”, “нацыянальны”, “беларускі” могуць выкарыстоўвацца толькі ў арганізаваных дзяржорганамі (звязанымі з дзяржавай або ўпаўнаважанымі ўладамі арганізацыямі) культурных, спартыўных і адукацыйных мерапрыемствах, на якіх адбываецца адбор асоб для падрыхтоўкі ці ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах ад імя Беларусі.

Асобна агаворваецца, што Нацыянальная школа прыгажосці атрымлівае статус адзінага каардынатара па арганізацыі і правядзенні нацыянальнага конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь”, адбораў прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў міжнародных конкурсах прыгажосці.

Сцвярджаецца, што ўсе гэтыя нормы “дазволяць забяспечыць абарону інтарэсаў” Беларусі і “ажыццяўляць на самым высокім прафесійным узроўні падрыхтоўку нацыянальных удзельнікаў да значных міжнародных мерапрыемстваў”.

Згодна з арт. 50 Грамадзянскага кодэкса, “уключэнне ў найменне юрыдычнай асобы ўказанняў на афіцыйную поўную або скарочаную назву Рэспублікі Беларусь, слоў “нацыянальны” і “беларускі”, уключэнне такой назвы або элементаў дзяржаўнай, алімпійскай, паралімпійскай сімволікі ў рэквізіты дакументаў або рэкламныя матэрыялы юрыдычнай асобы дапускаюцца ў парадку, які вызначаецца прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь”.

Падзяліцца: