Мінск 20:39

Прадстаўніца Беларускага Чырвонага Крыжа падтрымала размяшчэнне ў Беларусі ракетнага комплексу “Арэшнік”

Фота: sovrep.gov.by

10 снежня, Позірк. У Беларусі міралюбная палітыка, але ніводнае дзеянне, якое ўяўляе небяспеку для яе або Саюзнай дзяржавы, не застанецца “без люстранога, рашучага адказу”, заявіла на сваёй старонцы ў “Інстаграме” член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК) Ала Смаляк.

Паводле яе слоў, сітуацыя ля межаў Беларусі “напальваецца, сцягваюцца ўзброеныя сілы НАТО”. “Да таго ж, Вашынгтон мае намер прыступіць у 2026 годзе да размяшчэння дальнабойных ударных сістэм у Германіі. Гаворка ідзе аб шматмэтавых ракетах SM-6, крылатых ракетах Tomahawk, эксперыментальным гіпергукавым ўзбраенні. Амерыканскі і нямецкі ўрады ўжо дасягнулі гэтую дамоўленасць”, — адзначыла Смаляк (арфаграфія захаваная).

Такія дзеянні, паводле сцвярджэння прадстаўніцы БЧК, “падымаюць градус ваенна-палітычнай напружанасці” і ўяўляюць пагрозу і для Беларусі і “для Саюзнай дзяржавы ў цэлым”.

“І як раз адказ на такія крокі Германіі і ЗША — рашэнне аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскага комплексу “Арэшнік”, — заявіла Смаляк.

У чэрвені 2023 года Смаляк падтрымала размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі.

Канкрэтнага рашэння пра размяшчэнне на беларускай тэрыторыі “Арэшніка” няма. 6 снежня ў Мінску адбылося пасяджэнне ВДС, на якім Лукашэнка публічна папрасіў разгарнуць расійскую зброю ў Беларусі. Пуцін не выключыў такую магчымасць. “Гэта стане магчымым, думаю, у другой палове наступнага года па меры нарошчвання выпуску такіх комплексаў, серыйнага выпуску гэтых комплексаў у Расіі і па меры паступлення гэтых ракетных сістэм на ўзбраенне расійскіх войск стратэгічнага прызначэння”, — сказаў прэзідэнт РФ.

Упершыню пра жаданне размясціць “Арэшнік” на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка заявіў 28 лістапада на палях саміту АДКБ у Астане (Казахстан).

Беларускі Чырвоны Крыж з’яўляецца часткай Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, прынцыпам якога з’яўляюцца нейтральнасць і бесстароннасць, аказанне дапамогі тым, хто мае патрэбу, пацярпелым ва ўзброеных канфліктах і ўнутраных беспарадках.

Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) прыпыніла з 1 снежня 2023 года членства БЧК у арганізацыі, таму што ў Мінску не выканалі высунутае 3 кастрычніка 2023 года патрабаванне вызваліць ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова.

Ён абвінавачваўся ў датычнасці да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Таксама Шаўцоў адзначыўся рэзананснымі заявамі аб размешчанай у Беларусі расійскай ядзернай зброі.

За дачыненне да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей Шаўцоў быў уключаны ў 13-ы санкцыйны спіс Еўрасаюза.

5 студзеня расследвальніцкі цэнтр “Бюро медыя” апублікаваў звесткі, з якіх вынікае, што ў выніку прыпынення членства ў МФТЧКіЧП БЧК пазбавіцца фінансавання на суму 4 млн 420 тыс. рублёў штогод.

Ужо 12 студзеня БЧК паведаміў аб замарожванні грашовай дапамогі (выдача ваўчараў, пакрыццё выдаткаў на медыцынскія паслугі, выплаты для арганізацыі дзіцячага летняга вольнага часу) замежным грамадзянам — уцекачам і асобам, якія шукаюць прытулак, вымушаным мігрантам і асобам без грамадзянства.

Як заявіў БЧК, гэта звязана са спыненнем супрацоўніцтва з партнёрамі, якія курыравалі ў Беларусі праектную дзейнасць, накіраваную на падтрымку згаданых катэгорый асоб.

Гэтым партнёрам была як раз міжнародная федэрацыя. Адметна, што, паводле справаздачы БЧК, 46,5% выдаткаў арганізацыі ў 2023 годзе пайшло на праекты, звязаныя з дапамогай мігрантам.

Падзяліцца: