Мінск 00:32

Ціханоўская: Мы не настойваем на сустрэчы з Зяленскім

Скрыншот: "Еўрапейская праўда"

11 снежня, Позірк. Пра камунікацыю дэмакратычных сіл з уладамі ў Кіеве паведаміла ў інтэрв’ю ўкраінскаму выданню “Еўрапейская праўда” Святлана Ціханоўская.

“Ад пачатку вайны ў мяне быў такі прынцып: што б там ні было, галоўнае не нашкодзіць Украіне. І калі я разумею, што ёсць нейкія перашкоды для ўсталявання больш афіцыйных адносін паміж украінскімі ўладамі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі — значыць, так яно і трэба. Не трэба фарсіраваць”, — сказала палітык.

“Мы не настойваем ні на сустрэчы з прэзідэнтам, ні на іншых кроках, — дадала яна. — Але ў нас ёсць камунікацыя. Мы сустракаемся з МЗС, з дарадцамі прэзідэнта Зяленскага, гэтага дастаткова. Чаго мы хочам — гэта растлумачыць, што на Лукашэнку нельга спадзявацца, што ён заўсёды будзе падманваць. І калі людзі думаюць, што, магчыма, аднойчы Лукашэнка перайдзе на бок Украіны — гэтага ніколі не адбудзецца”.

Паводле слоў Ціханоўскай, у дэмакратычных сілаў “добрыя адносіны з украінскім грамадствам”.

Палітык адзначыла, што “цяпер адбываецца шмат беларуска-ўкраінскіх мерапрыемстваў, як ва Украіне, так і ў іншых дзяржавах”, акрамя гэтага, у Вярхоўнай Радзе дзейнічае група “За дэмакратычную Беларусь”.

Ціханоўская паведаміла, што ад пачатку поўнамаштабнай вайны на баку Украіны змагаліся больш за 1.500 беларускіх добраахвотнікаў, 60 з іх загінулі.

“З палком Каліноўскага ў нас спачатку сапраўды былі няпростыя адносіны. Але цяпер усё добра. Мы супрацоўнічаем, а былы намеснік камандзіра палка Каліноўскага [Вадзім Кабанчук] цяпер з’яўляецца маім прадстаўніком у [Аб’яднаным пераходным] кабінеце. Мы імкнёмся дапамагаць нашым воінам. Беларусы данацяць. Мы набылі мабільны шпіталь і некалькі машын для палка,” — падкрэсліла дэмакратычны лідар.

Журналіст звярнуў увагу, што на інтэрв’ю Ціханоўская прыйшла ў футболцы з сімволікай палка Каліноўскага. “Гэта падарунак нашых ваяроў”, — сказала Ціханоўская.

Гл. таксама:

Сустрэча Ціханоўскай і Зяленскага адбудзецца, калі “прыйдзе час” — амбасадар Кізім

Стратэгію па вызваленні ад рэжыму Лукашэнкі абмеркавалі на беларуска-ўкраінскім Форуме Астрожскіх

Коўшык у Кіеве: Лукашэнка толькі перашкаджае аднаўленню адносін паміж беларусамі і ўкраінцамі

Падзяліцца: