Мінск 01:47

На паўднёвых рубяжах фіксуецца лаянка ўкраінскіх памежнікаў і іншыя недэмакратычныя факты — Вальфовіч

Аляксандр Вальфовіч
Архіўнае фота: "Беларусь 1"

13 снежня, Позірк. У 2024 годзе зафіксавана “звыш 350 розных пралётаў беспілотнай авіяцыі ўздоўж нашай мяжы, каля 20 парушэнняў дзяржаўнай мяжы беспілотнымі лятальнымі сродкамі”. Пра гэта, згодна з распаўсюджаным Дзяржаўным памежным камітэтам відэазапісам, заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч падчас наведвання ўчастка дзяржаўнай мяжы з Украінай у Брэсцкай вобласці.

Вальфовіч не ўдакладніў, ці тычацца прыведзеныя ім звесткі ўсёй дзяржмяжы, што ахоўваецца, ці толькі мяжы з Украінай.

“Натуральна, — дадаў Вальфовіч, — што нашыя органы памежнай службы прымаюць адпаведныя меры. Пасля таго, як прымяняецца па іх зброя, гэтыя беспілотныя лятальныя сродкі, якія не збітыя, сыходзяць на сумежную тэрыторыю”.

“За гэты год мы зафіксавалі толькі на паўднёвым участку нашай мяжы каля 40 правакацый, звязаных з заходам на нашу тэрыторыю, псаваннем памежных знакаў, вывешваннем банераў, і, скажам так, нецэнзурнай гаворкай памежнікаў. І іншыя абуральныя абсалютна недэмакратычныя і абсалютна непрыязныя факты, выяўляюцца, на жаль, з боку сумежнай тэрыторыі ў адносінах да нашай дзяржавы”, — панаракаў дзяржсакратар.

12 снежня па выніках пасяджэння Савета бяспекі Вальфовіч заявіў, што колькасць беларускіх воінскіх груповак на паўднёвым напрамку ў разы меншая, чым з украінскага боку.

Паводле яго слоў, якія цытавала прэс-служба Міністэрства абароны, паблізу мяжы з Беларуссю знаходзіцца ўкраінская групоўка колькасцю каля 15 тыс. чалавек, уключаючы вайскоўцаў, паліцыю, унутраныя войскі і Нацыянальную гвардыю.

“А калі паглядзець у аператыўную глыбіню, то каля 100–110 тыс. [украінскіх] вайскоўцаў знаходзіцца побач з нашай паўднёвай мяжой. Таму ўсе гэтыя пагрозы, вядома, неабходна разглядаць і своечасова рэагаваць”, — сказаў Вальфовіч.

У апошнія два гады на тэрыторыі Украіны побач з беларускай мяжой знаходзіцца 14-тысячная групоўка вайскоўцаў, заявіў Вальфовіч 8 верасня ў эфіры тэлеканала АНТ.

Звесткі Вальфовіча пра колькасць украінскіх войскаў каля беларускай мяжы істотна — у 8,5 раза — адрозніваюцца ад лічбы, якую прывёў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” 15 жніўня (120 тыс.).

У канцы чэрвеня беларускія ўлады абвінавацілі Украіну ў актывізацыі разведвальнай дзейнасці, перамяшчэнні да мяжы баявых падраздзяленняў. Мінск дэманстратыўна ўзмацніў ахову мяжы, выступіў з пагрозамі на адрас Кіева.

У сярэдзіне ліпеня Лукашэнка загадаў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслакацыі, паколькі вайскоўцы нібыта далі рады сітуацыі “дыпламатычнай мовай”.

Расійская прапаганда заявіла пра здраду з боку Лукашэнкі, паколькі, як сцвярджалася, украінскія войскі, якія вызваліліся, былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт, у тым ліку для наступальнай аперацыі ў Курскай вобласці РФ.

10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятальнымі апаратамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. З пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расійскім войскам для нанясення ўдараў па Украіне.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка прызнаў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзена 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.

Падзяліцца: