Мінск 23:23

Ярмошына зноў абразіла апанентаў і прыпісала сабе выратаванне Беларусі ад грамадзянскай вайны

Архивное фото: sb.by

15 снежня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка на прэзідэнцкіх выбарах атрымае больш за 90% галасоў. Такое меркаванне выказала экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына на праўладным мерапрыемстве “Адкрытая кафедра” 14 снежня ў Мікашэвічах (Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці).

Паводле яе слоў, Лукашэнка — “сапраўдны мужык, які гатовы са зброяй абараняць краіну”: “І гэты мужык дазваляе нашай краіне існаваць ва ўмовах міру і спакою”.

71-гадовая Ярмошына таксама назвала яго, 70-гадовага, “бацькам” і “бацем”, прапанаваўшы грамадскасці выкарыстоўваць гэтыя словы.

Экс-кіраўнік ЦВК прызналася, што “вельмі любіць” пятыя прэзідэнцкія выбары 19 снежня 2010 года, якія скончыліся вулічнымі пратэстамі, якія былі жорстка падаўленыя, і рэпрэсіямі.

“[Выбары] былі вельмі сонечныя, лёгкія і простыя. Яны былі вельмі дэмакратычнымі. Мы зарэгістравалі 10 кандыдатаў ад апазіцыі (столькі кандыдатаў было ўсяго, уключаючы Лукашэнку. — “Позірк”.). Мы дазвалялі практычна ўсё”, — сцвярджае яна.

Ярмошына выказала здагадку, што тыя выбары “былі б прызнаныя міжнароднай супольнасцю як еўрапейскія, але ўсе разумелі, што пераможа Лукашэнка”: “Таму за тры дні, каб сарваць прызнанне, была арганізаваная тая самая “Плошча”, калі сагналі людзей да будынка парламента, дзе размяшчаецца ЦВК”.

Паводле слоў экс-кіраўніка камісіі, яна атрымлівала задавальненне ад працы, але падзеі ў перыяд шостых прэзідэнцкіх выбараў 2020 года яе “надламалі”.

“Задаволеная я толькі тым, што, магчыма, я выратавала краіну ад грамадзянскай вайны. Прынамсі, я гэтаму спрыяла”, — заявіла Ярмошына.

Кажучы пра тыя падзеі, яна ў чарговы раз абразіла апанентаў дзейнай улады: “Калі ў траўні 2020 года былі абвешчаныя выбары, пачалося абвастрэнне. Да нас стала прыходзіць група спадара Статкевіча (цяпер палітвязень у рэжыме інкамунікада. — “Позірк”.), такога палітыка вельмі агрэсіўнага. Было пададзена паўсотні заяў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты — гэта значыць, па зборы подпісаў. Мы выдатна бачылі, што тая колькасць вылюдкаў, якая падавалася, — гэта самы элементарны сабатаж, спрабуюць заваліць ЦВК, каб яна заваліла сваю працу”.

Як паведамлялася, у 2024 годзе Ярмошына не менш за два разы публічна абражала прадстаўнікоў дэмсіл, у прыватнасці, экс-кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 26 студзеня 2025 года.

Папярэднія прайшлі 9 жніўня 2020 года. Самыя масавыя ў гісторыі краіны пратэсты былі жорстка падаўленыя ўладамі, масавыя рэпрэсіі працягваюцца да гэтага часу, іх узровень расце.

Ярмошына ўзначальвала Цэнтрвыбаркам у 1996–2021 гадах. Яе прызначэнне на пасаду рашэннем Лукашэнкі супярэчыла Канстытуцыі.

Пасля яна неаднаразова перапрызначалася. Ніводная выбарчая кампанія пад яе кіраўніцтвам не прызнаная дэмакратычным светам.

Пераемнікам Ярмошынай на пасадзе стаў экс-міністр адукацыі, былы кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка.

Падзяліцца: