Мінск 08:44

У чэргах на мяжы ў бок ЕС сабралася больш за 4 тыс. фур

Пункт пропуску Беняконі на мяжы з Літвой
Архіўнае фота: тэлеграм-канал "Пул 4 Рэгіён"

16 снежня, Позірк. У пунктах пропуску, якія вядуць з Беларусі ў дзяржавы Еўрасаюза, на 10:00 16 снежня фіксаваліся чэргі грузавікоў — агулам 4.090, вынікае з даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Паводле даных ведамства, за выходныя дні чарга ў бок ЕС павялічылася на 365 фур.

Самы загружаны маршрут праходзіць праз польскі пункт пропуску Кукурыкі (з беларускага боку — Казловічы), перад якім знаходзіцца каля 2.200 велікагрузаў. Супрацоўнікі гэтага пагранперахода за два дні прапусцілі ў Польшчу 54% фур, сцвярджае Дзяржпагранкамітэт.

Уезду ў Літву чакае 1.180 грузавікоў. Кантрольныя службы пунктаў пропуску Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) з пятніцы прынялі на сваю тэрыторыю ўсяго 18% грузавікоў, заяўляе ведамства.

Супрацоўнікі латвійскага пункта пропуску Патэрніекі (Грыгароўшчына) за выходныя дні прапусцілі ў Латвію 24% вялікагрузаў. Цяпер у чарзе каля 750 фур.

Чэргаў аўтобусаў у бок ЕС няма. У жніўні колькасць аўтобусаў у чарзе перад пунктам пропуску Цярэспаль (Брэст) даходзіла да 108.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай і Шальчынінкай.

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: