Мінск 08:56

У Беларусі дынаміка росту рознічнага тавараабароту не мянялася ўсю восень

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

16 снежня, Позірк. У студзені — лістападзе 2024 года рознічны тавараабарот склаў 80,8 млрд рублёў, павялічыўшыся на 11,8% у супастаўных цэнах да аналагічнага перыяду 2023-га, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Адметна, што ў студзені — верасні і студзені — кастрычніку павелічэнне было аналагічным. Такім чынам, дынаміка росту рознічнага тавараабароту не мянялася ўсю восень.

У студзені рознічны тавараабарот вырас на 9,9%, студзені — лютым і студзені — сакавіку — на 13%, студзені — красавіку — на 12,1%, студзені — траўні — на 12,2%, студзені — чэрвені — на 11,5%, студзені — ліпені — на 11,8%, студзені — жніўні — на 12%.

Тавараабарот у сферы грамадскага харчавання за гэты перыяд вырас у гадавым выражэнні на 10,9% — да 5,6 млрд рублёў (у студзені — кастрычніку рост складаў 11%).

Рознічны тавараабарот арганізацый гандлю, на які прыпала 95% усяго рознічнага тавараабароту, за 11 месяцаў склаўся на ўзроўні 76,8 млрд рублёў, што, як і ў мінулым месяцы на 12,8% вышэй за аналагічны леташні паказчык.

Аптовы тавараабарот склаў 164,9 млрд рублёў — на 3% больш, чым год таму (+4,6%).

Па выніках дзесяці месяцаў 2024 года абарот рознічнага гандлю ў Еўразійскім эканамічным саюзе павялічыўся на 7,8%: у Кыргызстане — на 13,4%, Беларусі — на 11,8%, Казахстане — на 8,7%, Расіі — на 7,5%, Арменіі — на 4,1%.

Унутраны попыт (спажыванне хатніх гаспадарак) застаецца “галоўным маторам росту эканомікі”, заявіў на брыфінгу 11 лістапада старэйшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Дзмітрый Крук.

Падзяліцца: