Мінск 11:44

Лукашэнка зноў запрасіў папу рымскага Францішка наведаць Беларусь

Ілюстрацыйнае фота: Vatican Media Divisione

17 снежня, Позірк. “Высокі ўзровень узаемадзеяння і актыўнае развіццё стасункаў” паміж Беларуссю і Ватыканам існуе “шмат у чым дзякуючы намаганням” папы рымскага Францішка, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 17 снежня пантыфіка з 88-годдзем.

Віншавальнік, як паведамляе яго прэс-служба, выказаў “захапленне адданасцю справе служэння міру і пастве, сілай веры і духу, уменнем сябраваць з адкрытымі сэрцам і душой”, якія дэманструе папа Францішак.

“Спадзяюся на нашу з вамі асабістую сустрэчу, якая, без сумневу, надасць імпульс усебаковаму ўмацаванню беларуска-ватыканскіх сувязей. Будзем вельмі радыя бачыць вас на беларускай зямлі, дзе вас шчыра любяць і шануюць”, — гаворыцца ў пасланні.

Папа Францішак (у свеце Хорхе Марыё Бергольё) нарадзіўся 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе (Аргенціна). Да абрання на вышэйшую пасаду Рымска-каталіцкага касцёла 13 сакавіка 2013 года быў арцыбіскупам-мітрапалітам Буэнас-Айрэса, прымасам Аргенціны. Першы ў гісторыі пантыфік з Новага Свету, а таксама першы за дванаццаць стагоддзяў папа не з Еўропы.

Лукашэнка быў на аўдыенцыі папы Францішка ў Ватыкане ў траўні 2016 года. З таго часу ён і іншыя чыноўнікі неаднаразова афіцыйна запрашалі пантыфіка наведаць Беларусь.

Фактычна кіраўнік Святога Пасаду не можа прыехаць праз негалоснае правіла — папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфесія ці рэлігія, без згоды адпаведнага рэлігійнага лідара. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасцю, гаворка пра патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы згоду на візіт не даваў.

У кастрычніку 2024 года з папам Францішкам у Ватыкане сустракаўся дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. Яны абмеркавалі “некалькі важных пытанняў, звязаных з выклікамі”, з якімі сутыкаецца каталіцкі касцёл у Беларусі.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі.

Паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з 1 верасня 2020 года па 30 лістапада 2024-га з рэпрэсііямі ў той ці іншай форме сутыкнулася 86 хрысціянскіх служыцеляў, у тым ліку 31 прадстаўнік Рымска-каталіцкага касцёла і 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Некаторыя былі вымушаныя пакінуць краіну, асобныя знаходзяцца ў няволі ў рамках палітычна матываваных крымінальных спраў і прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

Каталіцызм — другая паводле колькасці паслядоўнікаў хрысціянская канфесія ў Беларусі. У краіне каля 1,5 млн католікаў, у тым ліку больш за 10 тыс. грэка-каталікоў. Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.

Падзяліцца: