Мінск 10:09

Загрузка першага авіярэйса ў кітайскі Урумчы склала 75%

17 снежня, Позірк. Загрузка першага пасажырскага рэйса ў кітайскі Урумчы склала 75%, паведамляе прэс-служба нацыянальнага перавозчыка “Белавія”.

Пералёт з Мінска ажыцяўляўся 16 снежня.

Адзначаецца, што па зваротным маршруце з Урумчы ў Мінск дастаўлены груз звыш трох тон, у асноўным — дэталі для аўтамабіляў кітайскай вытворчасці.

Запуск рэйса быў анансаваны 29 кастрычніка.

Рэйс Мінск — Урумчы — Мінск будзе выконвацца адзін раз на тыдзень па панядзелках: вылет з Мінска — у 11.10, прыбыццё ва Урумчы — у 22.10; вылет з Урумчы — у 23:20, прыбыццё ў Мінск — у 01:00.

Цяпер “Белавія” ажыццяўляе палёты ў дзесяць краін — Расію, Казахстан, Азербайджан, Грузію, Індыю, Арменію, Турцыю, Узбекістан, ААЭ, Туркменістан.

У Беларусі “гатовы аднавіць авіязносіны з краінамі Еўропы, як толькі палітычныя перашкоды будуць знятыя”, заявіў 18 лістапада дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Ігар Голуб.

23 траўня 2021 года ў выніку дзеянняў беларускіх уладаў у мінскім аэрапорце здзейсніў вымушаную пасадку самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. На борце былі на той момант апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і яго сяброўка, расіянка Сафія Сапега. Яны былі затрыманыя, асуджаныя, але пасля памілаваныя.

Пасля інцыдэнту беларускай нацыянальнай авіякампаніі “Белавія” забаронена лятаць у краіны Еўрасаюза. 2 снежня 2021 года Вялікабрытанія, Канада, ЗША і ЕС скаардынавана ўхвалілі чарговыя санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх фізічных асоб і арганізацый. Як было адзначана ў сумеснай заяве з гэтай нагоды, санкцыйныя меры прынятыя “ў адказ на працяг нападак на правы чалавека і асноўныя свабоды ў Беларусі, ігнараванне міжнародных норм і неаднаразовыя акты рэпрэсій”. Сярод арганізацый, якія трапілі ў “чорны спіс”, значылася і “Белавія”.

2 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля поўнамаштабнага расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну, ЗША ўвялі ў дачыненні да “Белавія” абмежаванні, якія тычацца экспарту прадукцыі авіяцыйнай сферы і ліцэнзавання пэўных самалётаў і запчастак.

9 жніўня 2023 года “Белавія” была ўключаная ў санкцыйныя спісы ЗША.

29 траўня 2024 года Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі пакінуў у сіле санкцыі Еўрасаюза, уведзеныя супраць “Белавія”, адхіліўшы адпаведны пазоў беларускай авіякампаніі.

Генеральны дырэктар авіякампаніі “Белавія” Ігар Чаргінец 11 сакавіка ў эфіры праекта “Мінск — Масква | Прамы эфір” заявіў, што большасць заходніх авіякампаній не могуць адкрыта папрасіць аднавіць авіязносіны з Расіяй і Беларуссю, кіраўніцтва Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA) таксама толькі ў кулуарах крытыкуе абмежаванні, з-за якіх церпіць авіяцыйны бізнес і пасажыры.

Падзяліцца: