Мінск 23:21

БАЖ і іншыя медыйныя арганізацыі свету падтрымалі грузінскіх журналістаў

20 снежня, Позірк. Дзясяткі выпадкаў фізічнага нападу, слоўных абраз і перашкодаў журналістам падчас разгону вулічных акцый пратэсту зафіксавана з 28 лістапада ў Грузіі, адзначаецца ў апублікаванай Беларускай асацыяцыяй журналістаў заяве.

Паводле звестак мясцовых медыяарганізацый, найбольш пацярпелі незалежныя і крытычна настроеныя да ўрада СМІ, пераважна з Тбілісі.

Платформа Media Freedom Rapid Response (MFRR) — агульнаеўрапейскага механізма, які адсочвае, кантралюе і рэагуе на парушэнні свабоды прэсы і СМІ ў краінах — членах ЕС, краінах-кандыдатах і Украіне, зафіксавала напады на 81 журналіста, “колькасць можа змяняцца ў залежнасці ад развіцця падзей”.

Арганізацыі, якія займаюцца свабодай прэсы, свабодай выказвання, сродкамі масавай інфармацыі і журналістыкай, выказалі салідарнасць з журналістамі і СМІ Грузіі. Партнёры платформы MFRR асуджаюць пастаянныя напады і ціск на супрацоўнікаў медыяў і зноў заклікаюць афіцыйных асобаў і інстытуты ЕС да рашучай рэакцыі на гэты гвалт.

Заяву акрамя БАЖ падпісалі арганізацыі з Босніі і Герцагавіны, Турцыі, Албаніі, Бельгіі, Літвы, Польшчы, Эстоніі, Швецыі, Сербіі, Нарвегіі, Славеніі, Расіі, Фінляндыі, Арменіі, Ісландыі, Харватыі, Францыі, Германіі і іншых краінаў.

Грамадска-палітычны крызіс у Грузіі абвастрыўся пасля парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка. Кіроўная партыя “Грузінская мара”, паводле даных Цэнтрвыбаркама, атрымала 89 са 150 дэпутацкіх крэслаў. Апазіцыйныя сілы, а таксам прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі, якая мае мала паўнамоцтваў, абвінавацілі палітычных канкурэнтаў у фальсіфікацыях і не прызналі вынікі выбараў. Аб’яднанні “Кааліцыя за перамены”, “Моцная Грузія” і “Адзінства — Нацыянальны рух”, якія прайшлі ў парламент, адмовіліся ў агульнай складанасці ад 49 дэпутацкіх мандатаў (партыя “За Грузію” на такі крок не пайшла, але выбары не прызнала).

Зурабішвілі і апазіцыя лічаць дзейнасць цяперашняга парламента неканстытуцыйнай. З першага пасяджэння новага склікання 25 лістапада (у сходах удзельнічаюць толькі дэпутаты ад кіроўнай партыі) у Тбілісі і іншых гарадах штодня праходзяць акцыі пратэсту.

28 лістапада прэм’ер-міністр Іраклі Кабахідзэ — экс-старшыня “Грузінскай мары” — сярод іншага абвясціў рашэнне замарозіць да 2028 года перамовы аб сяброўстве краіны ў ЕС. Яго заява справакавала новую хвалю пратэстаў, якую ўлады пачалі жорстка задушваць, але потым сталі ігнараваць. Чарговае абвастрэнне чакаецца 29 снежня, калі “Грузінская мара” запланавала цырымонію інаўгурацыі абранага ёй прэзідэнта краіны Міхеіла Кавелашвілі.

Супраць фактычнай адмовы ад еўрапейскага вектара развіцця Грузіі выступілі некаторыя прадстаўнікі ўладных структур, асобныя на знак пратэсту звольніліся.

Святлана Ціханоўская 29 лістапада заявіла, што “народ Грузіі мае права выбіраць свой лёс і еўрапейскую будучыню”.

Гл. таксама:

Крайнія меры. Праваабаронцы звернуцца ў Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, каб папярэдзіць высылку беларусаў з Грузіі

Падзяліцца: