Мінск 22:42

Дыпмісіі краін Захаду выказалі салідарнасць з прадстаўнікамі духавенства і вернікамі, якія пераследуюцца ў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: detroitcatholic.com

23 снежня, Позірк. Напярэдадні Калядаў шэраг дыпламатычных прадстаўніцтваў краін Захаду выказаў салідарнасць “з прадстаўнікамі духавенства і вернікамі Беларусі, якія зазнаюць пераслед з прычыны іх поглядаў”.

“Кожны заслугоўвае права выказваць сваё меркаванне без страху. Мы патрабуем свабоды і справядлівасці для ўсіх”, — адзначаецца ў сумеснай заяве, якую сярод іншых апублікавала на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” амбасада Германіі ў Мінску.

Акрамя нямецкай дыпмісіі, дакумент падпісалі амбасады ЗША, Вялікабрытаніі, а таксама шэрагу краін Еўрасаюза — Нідэрландаў (у Польшчы), Аўстрыі, Балгарыі, Германіі, Ірландыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Чэхіі і Швецыі (усе ў Мінску).

23 снежня Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць справу прапаведніка царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў “Дабравесце” палітвязня Мікалая Хіло, які з’яўляўся супрацоўнікам прадстаўніцтва Еўрасаюза.

Еўрапейская служба знешніх сувязей заклікала вызваліць мужчыну.

Хіло абвінавачваецца паводле ч. 3 ст. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) і ч. 1 ст. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) Крымінальнага кодэкса.

Паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з 1 верасня 2020 года па 30 лістапада 2024-га пераслед у Беларусі зазнала 86 хрысціянскіх служыцеляў, у тым ліку 31 прадстаўнік Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, 30 — розных пратэстанцкіх цэркваў, 20 — Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ), 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Падзяліцца: