Мінск 16:38

Беларускія католікі, грэка-католікі, пратэстанты і частка праваслаўных святкуюць Божае Нараджэнне

Архіўнае фота: "Позірк"

25 снежня, Позірк. Беларускія католікі, грэка-католікі, пратэстанты і частка праваслаўных адзначаюць адно з найважнейшых хрысціянскіх святаў — Божае Нараджэнне.

Кіраўнік Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў сваім пастырскім пасланні адзначыў, што “Бог стаўся чалавекам”, каб людзі “ўсвядомілі і ўбачылі, наколькі кожны чалавек каштоўны і важны ў вачах Бога”.

“Гэтая святая ноч няспынна нагадвае нам, што самае важнае — гэта чалавек ва ўсёй праўдзе і велічы сваёй чалавечнасці і годнасці, — падкрэсліў іерарх. — Ён важны для Пана Бога ад самага зачацця, калі яшчэ знаходзіцца пад сэрцам маці, ажно да яго апошняга ўздыху. Для Бога важны кожны чалавек — і той, жыццё якога пазначана крыжам цярпення; і той, які невылечна хворы; і той, які пакутуе ад няўпэўненасці, страху, адчаю ці адкінуты іншымі людзьмі”.

“Калі нас ахоплівае безнадзейнасць, мы часта задумваемся аб прычынах таго ці іншага няшчасця. <…> Але калі мы цалкам даверымся Пану Богу, ён напоўніць нас радаснай надзеяй і любоўю, а ягоны провід усё, што для нас карыснае, спашле і зробіць у свой час і толькі яму вядомымі шляхамі. Нельга баяцца зла, бо яно не можа раўняцца з веліччу Бога”, — дадаў Станеўскі.

З паўтара дзясятка памесных праваслаўных цэркваў, якія існуюць у свеце, толькі траціна святкуе Божае Нараджэнне 7 студзеня, паводле “старога стылю”, у тым ліку Беларуская праваслаўная царква — экзархат у структуры Маскоўскага патрыярхату. Разам з тым палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі змусілі пакінуць краіну як шматлікіх праваслаўных вернікаў, так і святароў. Сама меней двое з іх перайшлі пад юрысдыкцыю Сусветнага патрыярхату і заснавалі ў Вільнюсе беларускі прыход, які, паводле традыцыі Канстанцінопалю, святкуе Божае Нараджэнне 25 снежня. Дакладны лік беларускіх праваслаўных, якія адзначаюць гэтае свята ў пазначаную дату, невядомая.

Каталіцызм — другая паводле колькасці паслядоўнікаў хрысціянская канфесія ў Беларусі. У краіне каля 1,5 млн католікаў, у тым ліку больш за 10 тыс. грэка-каталікоў.

Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй (на пачатак 2023 года налічваў 500 парафій, 526 дзейных храмаў і 28 на этапе будоўлі).

Беларуская грэка-каталіцкая царква складаецца з 16 супольнасцяў, якія маюць 5 культавых будынкаў.

У краіне налічваецца некалькі сотняў тысяч пратэстантаў. На пачатак 2023 года існавала 1.040 супольнасцяў трынаццаці дэнамінацый, прадстаўленых 21 аб’яднаннем.

Падзяліцца: