Мінск 22:35

У Гродзенскай вобласці адменены мясцовы транспартны збор за перасячэнне мяжы

26 снежня, Позірк. З 1 студзеня 2025 года перасячэнне транспартнымі сродкамі мяжы Беларусі ў пунктах пропуску на тэрыторыі Гродзенскай вобласці будзе ажыццяўляцца без выплаты мясцовага збору, паведамляе прэс-служба аблвыканкама. Прычына не названая.

Як адзначаецца, адмена часовая і на працягу першага квартала 2025 года мясцовы збор “плануецца ўвесці зноў“.

Мясцовы збор за перасячэнне мяжы дзейнічае з 1 лютага 2023 года. Ён уводзіўся брэсцкім, віцебскім і гродзенскім абласнымі саветамі дэпутатаў.

Плата спаганяецца за “выезд механічнага транспартнага сродку, якое мае не менш за чатыры колы, тэхнічна дапушчальная максімальная маса якога не перавышае 5 тон, за выключэннем колавых трактароў і самаходных машын”.

Сума збору ўстаноўленая ў памеры адной базавай велічыні (цяпер 40 рублёў, з 1 студзеня будзе 42 рублі) і не залежыць ад колькасці пасажыраў.

Дакумент, які пацвярджае выплату збору, прадастаўляецца ў папяровым або электронным выглядзе ў пунктах пропуску супрацоўніку органаў пагранічнай службы. У выпадку ажыццяўлення пагранічнага кантролю мытнымі органамі дакумент аб аплаце прадастаўляецца службовай асобе мытні.

Падзяліцца: